У польскіх вайскоўцаў стралялі з боку Беларусі (абноўлена)
Прэс-сакратарка памежнай службы Польшча Ганна Міхальска заявіла, што польскіх вайскоўцаў абстралялі з боку Беларусі. У ведамстве мяркуюць, што выкарыстоўвалі халастыя патроны. Ніхто не пацярпеў.
У ДПК Беларусі абвяргаюць заявы польскіх калег, кажучы, што за мінулыя суткі зброя не ўжывалася на беларуска-польскай мяжы.
***
Пацвердзіла здарэнне прэс-сакратар Падляшскай памежнай службы Катажына Здановіч.
„Фактычна ўчора мела месца страляніна, на шчасце халастымі. Тады яна адбылася каля памежнага патруля жаўнераў і памежнай службы. Стралялі жаўнеры беларускай памежнай службы”.
Беларускія памежнікі адразу ж абверглі заяву польскіх калег. Маўляў, за мінулыя суткі зброя не ўжывалася ні на адным вучастку беларуска-польскай мяжы. Супраца з беларускім бокам практычна адсутнічае дадае Катажына Здановіч.
„Такая супраца, можна сказаць не існуе. На нашыя просьбы аб сустрэчы не было рэакцыі. Калі заўважым трывожныя сітуаціі па беларускім боку, то рэакцыі ніколі няма праз некалькі гадзін, ці ўвогуле не бяруць тэлефон. Тады высылаем лісты, і часамі атрымліваем адказы, што будуць прынятыя адпаведныя меры, напрыклад забраць мігрантаў з таго боку мяжы, але гэтага не адбываецца. Спадзяемся, што штосці будзе зроблена ў гэтым кірунку”.
У сувязі з інцыдэнтам на мяжы ў МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага.
***
Больш за 500 спробаў перайсці мяжу па-за пунктамі пропуску зафіксавалі за суткі польскія памежнікі. У сераду быў усталяваны чарговы рэкорд — 667 разоў мігранты спрабавалі парушыць мяжу. У чацвер такіх спробаў было 523.
„Затрыманыя 35 нелегалаў, усе яны з Ірака. Астатнія спробы былі спыненыя”, — расказалі ў органах памежнай службы Польшчы.
Усяго з пачатку месяца на беларуска-польскай мяжы былі затрыманыя ўжо 159 нелегальных мігрантаў. Большасць з іх —138 чалавек — іракскія грамадзяне.
Днямі з’явілася інфармацыя, што Менск пачаў скарачаць патокі патэнцыйных мігрантаў.
Паводле звестак польскіх спецслужбаў, МЗС Беларусі прыпыніла выдачу віз грамадзянам з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Адначасова з’явілася інфармацыя, што Еўразвяз пачаў перамовы з рознымі дзяржавамі пра мігрантаў, якія ідуць праз Беларусь у ЕЗ — з тым, каб перакрыць гэтыя патокі.
Беларускае Радыё Рацыя