За надпіс „Жыве Беларусь” – тры месяцы арышту



Надпіс „Жыве Беларусь” на вясковым прыпынку ў судзе кваліфікавалі як „апаганьванне збудаванняў”.

Ілюстрацыйнае фота

За надпіс „Жыве Беларусь” на прыпынку ў вёсцы ў Клецкім раёне мужчыну асудзілі да трох месяцаў арышту, паведамляюць праваабаронцы.

Учора, 7 кастрычніка, у судзе Клецкага раёна за надпіс „Жыве Беларусь” на прыпынку вёскі „Ляцешын” па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў) да трох месяцаў арышту асудзілі 45-гадовага Сяргея Цімохая.

Паводле абвінавачання, ён, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, 8 чэрвеня гэтага года пакінуў надпіс „Жыве Беларусь” фарбай чорнага колеру. Велічыня літар склала каля 30 сантыметраў. Нанесеную шкоду ацанілі ў 147 рублёў 79 капеек. Надпіс на прыпынку зафарбавалі на наступны дзень 9 чэрвеня.

Сам абвінавачаны растлумачыў, што незадоўга да падзей, якія паслужылі падставай для судовага разбору, выпіў паўлітра гарэлкі, такім чынам прышчапляўся ад каронавірусу. Сваю віну абвінавачаны прызнаў у поўным аб’ёме.

У выніку, суддзя Віктар Цімошка пастанавіў арыштаваць мужчыну на тры месяцы. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Клецкага раёна Вадзім Жукоўскі.