Не наш Нобель?
Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цэпкала маглі атрымаць Нобелеўскую прэмію міру, але атрымалі яе Марыя Рэса, філіпіна-амерыканская журналістка, і галоўны рэдактар маскоўскай «Новай газеты» Дзьмітрый Муратаў.
Вельмі добрыя шанцы мела спадарыня Святлана, і беларусы разам з ёй – таксама, але прэмію атрымалі не палітыкі, эколагі ці грамадскія актывісты. Прэмію атрымалі журналісты, і ў гэтым уся фішка. Фішка ў праўдзе і свабодзе яе вымавіць. Праўды і свабоды не хапае Беларусі, але яшчэ болей дэфіцыт гэтых матэрый адчуваецца на ўсходзе. Імперыя ўплывае на сваіх суседзяў, не можа не ўплываць. І калі там стане болей свабоды, калі там застанецца паболей жывых і свабодных журналістаў, то Беларусь будзе ў выігрышы. Дарэчы, у верасні 2020 году Дзьмітрый Муратаў падпісаў ліст у падтрымку беларускіх пратэстоўцаў. Нас не можа не турбаваць сваё, але сёння мы можам і павінны радавацца за суседа. Філіпіны і Штаты далёка, а Расея – побач. Таму насамрэч крута, што Дзмітрый Муратаў атрымаў свой заслужаны Нобель. Сіла ў праўдзе. Усё пачынаецца з праўды.
У заяве Нобелеўскага камітэту пазначана: журналісты атрымалі ўзнагароду за «намаганьні па абароне свабоды меркаваньняў, якая з’яўляецца ўмовай для дэмакратыі і міру». Лагічна. «Новая газета» выходзіць з 1993 года, выданьне лічыцца дэмакратычным і праваабарончым. Пяць журналістаў выданьня былі забітыя. Літаральна ўчора ў свабодным доступе з’явіўся фільм, зняты “НГ”, прысвечаны расследванню забойства Ганны Паліткоўскай.
Спадар Муратаў паслядоўна выступае ў абарону пацыентаў са СМА і ўжо зазначыў, што частку прэміі перадасць у дабрачынны фонд дапамогі хворым дзецям “Круг дабра”.