Пра падводныя камяні сёлетняга ўручэння Нобеля
У Нарвегіі вызначылі пераможцаў сёлетняй Нобелеўскай прэміі міру. Насуперак чаканням і букмекерскім стаўкам, прэмію атрымалі англамоўная журналістка з Філіпінаў Марыя Рэса і галоўны рэдактар расейскай апазіцыйнай “Новай газеты” Дзмітрый Муратаў. Абодва прэтэндэнты – надзвычай аўтарытэтныя людзі ў журналісцкім свеце, неаднаразова пераследваліся ўладамі сваіх краінаў і, нягледзячы на прэсінг, працягваюць стаяць на варце вольнага слова. Пасля вызначэння пераможцаў прэміі ў лагеры беларускіх прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай раздаліся шматлікія нараканні. Маўляў, Нобелеўскі камітэт паступіў неабачліва, паколькі не ўлічыў той эфект, які аказала б прэмія на беларускае грамадства. Некаторыя крытыкі заўважылі, што сярод расейскіх прэтэндэнтаў былі больш годныя асобы. Кшталту блогера і палітыка Аляксея Навальнага, які рызыкуе не выйсці ўвогуле на свабоду з калоніі.
Аднак, як бы там ні было, прэмія Дзмітрыю Муратаву – гэта прызнанне заслуг расейскай журналістыкі, якая самаахвярна імкнецца даносіць грамадству праўдзівую інфармацыю пра сваволле ўладаў у Чачэніі, карупцыю ў чыноўніцкім апараце, злоўжыванні з боку мясцовай улады… Варта дадаць, што “Новая газета” – ці не апошняе зарэгістраванае апазіцыйнае выданне ў Расеі, якое трымаецца на плыву нават у таксічных умовах дэспатыі пуцінскага разліву. Зрэшты, хоць беларускі нацыянальны інтарэс гаворыць пра тое, што падтрымка Святланы Ціханоўскай была б заслужанай і своечасовай, аднак і ўшанаванне Дзмітрыя Муратава, як ні парадаксальна, таксама грае на карысць перамен у Беларусі. Па-першае, рэдактар “Новай газеты” – сябар беларускай дэмакратыі і заўжды стараўся аб’ектыўна распавядаць пра праблемы ў Беларусі. Больш за тое, ён асабіста неаднаразова дапамагаў беларускім рэдактарам і журналістам, якія трапілі ў бяду. Па-другое, Нобель для Муратава – гэта своеасаблівы ўнёсак у развіццё дэмакратыі ў самой Расеі, якая ніколі не ўсталюецца без вольных медыяў. Сваёй чаргой, дэмакратызацыя Расеі дапаможа і беларусам вырашыць свае ўнутраныя праблемы.
Пра матывы ўручэння прэміі журналістам можна толькі здагадвацца, але відавочна, што рашэнне беспамылковае з пункту гледжання піяру і вяртання аўтарытэту прэміі. За апошнія гады многія аглядальнікі і публіцысты крытыкавалі “Нобелеўскую прэмію міра” за тое, што сярод яе лаўрэатаў былі сумнеўныя і супярэчлівыя персанажы. А некаторых пераможцаў, кшталту экс-прэзідэнта ЗША Барака Абамы, увогуле ўзнагародзілі авансам, што выклікала хвалю кпінаў. Адпаведна, узнагароджанне адважных журналістаў дапамагае Нобелеўскаму камітэту вярнуць свой статус аўтарытэтнай інстытуцыі, якая не займаецца прафанацыяй і насамрэч дзейнічае на карысць ідэалаў чалавецтва.
Што да Святланы Ціханоўскай, то беларускі палітык, не атрымаўшы прэмію сёлета, не страчвае шансы на прэстыжную ўзнагароду ў бліжэйшыя гады. Калі экс-прэтэндэнтка на прэзідэнцтва не страціць сваіх пазіцый у вачах беларускага народу, а самі беларусы працягнуць мірнае змаганне за дэмакратыю, то “Нобель” ад нас дакладна не ўцячэ.