Прадстаўнік пасольства Беларусі выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Польшчы



Часовы павераны ў справах пасольства Беларусі выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Польшчы ў сувязі з інцыдэнтамі на польска-беларускай мяжы. Інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Лукаш Ясіна, паведамляе polskieradio.pl.

Учора беларускі патруль абстраляў польскіх жаўнераў, якія патрулявалі мяжу, верагодна, выкарыстоўваючы халастыя патроны, заявіла прэс-сакратар памежнай службы лейтэнант Анна Міхальска. Гэта была чарговая правакацыя такога тыпу.

У сваю чаргу, прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын заявіў, што міграцыйны шлях з Беларусі ў Польшчу ствараюць дзяржаўныя структуры Беларусі. Ён дадаў, што ў гэта задзейнічаны найважнейшыя інстытуты, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, Міністэрства замежных спраў і сілавыя структуры, а таксама спецслужбы Беларусі.

У Дзяржпагранкамітэце Беларусі абверглі заяву польскага боку аб тым, што мела месца ўжыванні зброі з боку беларускіх памежнікаў.

Пакуль на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй „зацішша”, мігранты працягваюць намаганні нелегальна трапіць у Польшчу. Штодня польскі бок спыняе і адпраўляе назад каля паўтысячы чалавек.

Фота: m.facebook.com