Памёр Чэслаў Сенюх
8 кастрычніка пад Варшавай у веку 91 года памёр выдатны літаратар, перакладнік і публіцыст Чэслаў Сенюх, нараджэнец мястэчка Любча, што на Наваградчыне.
Нарадзіўся Чэслаў Сенюх 9 ліпеня 1930 года ў Любчы ў сям’і беларускіх сялян: ягоная маці Стэфанія была беларускай і паходзіла з вёскі Воўкаразі, што недалёка ад Любчы, а бацька Станіслаў быў родам з Украіны. Бацькі Чэслава пераехалі туды з Кіева ў 1920-ыя гады, ратуючыся ад бальшавікоў. Паводле сямейнай легенды, род Чэслава Сэнюха ўзыходзіць да літоўскага гетмана Міколы Сэняўскага.
Бацькі Чэслава добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, таму ў сям’і дзеці свабодна валодалі і размаўлялі на беларускай і на польскай мовах. Вучыўся Чэслаў у беларускай сямігадовай школе ў Любчы.
У 1941 годзе бацька памёр у турэмным лагеры пад Новасібірскам, куды быў вывезены перад вайной у 1940 годзе як «вораг народа», і сям’я засталася без бацькі і гаспадара. Падчас вайны Чэслаў Сэнюх быў у Саюзе беларускай моладзі.
У 1945 годзе сям’я Сэнюхаў пераехала ў Польшчу — спачатку ў Беласток, дзе ў 1950 годзе Чэслаў скончыў Беластоцкі ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста, а потым ён паехаў у Варшаву, дзе паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэту Варшаўскага ўніверсітэту, якое скончыў у 1954 годзе.
Працаваць пачаў адразу дыктарам і рэдактарам на польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё «Масква» займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моў. Рэдагаваў рускамоўны дадатак да польскага штотыднёвіка «Przyjazn» з урокамі польскай мовы для расейскіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў.
Пэўны час Чэслаў Сенюх быў галоўным рэдактарам часопіса «Tlumacz» пры таварыстве польскіх перакладчыкаў.
З пачаткам перакладніцкай дзейнасці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перыядычных выданняў «Gazeta Polska», «Oboz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», „Наша слова”, „Ніва”, „Літаратура і мастацтва” і іншых.
У верасні 1998 года Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР.
У 2009 годзе выйшаў дакументальны фільм „Беларусь пад нямецкай акупацыяй 1941-1944”, дзе Чэслаў Сэнюх здымаўся як сведка тых падзей. Працаваў у беларускай службе Польскага Радыё.
Чэслаў Сенюх вядомы як перакладнік „Новай зямлі” Якуба Коласа, „Споведзі” Ларысы Геніюш, шматлікіх твораў Уладзіміра Някляева, іншых беларускіх аўтараў на польскую мову.
Светлая памяць…