У Расеі разбіўся самалёт, загінулі 16 чалавек
У раёне горада Мензелінск у Татарстане ўпаў лёгкаматорны самалёт L-410, які належаў мясцоваму аэраклубу. Аб гэтым піша ТАСС са спасылкай на экстранныя службы.
На борце самалёта было 23 чалавекі. Сем чалавек выратаваліся, іх удалося дастаць з-пад абломкаў. Астатнія 16 чалавек, у тым ліку абодва пілоты, загінулі.
Самалёт упаў адразу пасля ўзлёту з аэрадрома. Пры падзенні яго фюзеляж разбурыўся. У якасці асноўнай прычыны катастрофы разглядаецца няспраўнасць тэхнікі.
Па папярэдніх дадзеных, падчас палёту адбылася адмова, пілот паспрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку, аднак удар аб зямлю быў вельмі моцным.
Пры гэтым крыніца ТАСС у якасці магчымай прычыны аварыі называе перагруз самалёта.
Самалёт, які разбіўся, па непацверджанай інфармацыі, належаў ДТСААФ Расеі. Ён эксплуатаваўся з 1987 года.