Дар’я Рублеўская: Смяротнае пакаранне вельмі проста выкарыстоўваць, як факт палітычнай расправы над апанентамі
10 кастрычніка – Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. А кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” нагадала пра гісторыі 15 выбітных беларускіх дзеячоў, чые лёсы абарваліся смяротнымі прысудамі. Сярод іх — гісторык Вацлаў Ластоўскі, пісьменнік Максім Гарэцкі, удзельніца Рады БНР Палута Бадунова, аўтар першай граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч… Паралелі можна правесці і з сучасным становішчам у Беларусі, лічыць прадстаўніца кампаніі Дар’я Рублеўская:
– Калі ў нас у закладніках больш за 800 палітычных зняволеных, вельмі проста пры наяўнасці смяротнага пакарання, як віда пакарання, пры наяўнасці той судовай і заканадаўчай сістэмы, якая ў нас ёсць зараз, выкарыстоўваць гэты від пакарання, як факт палітычнай расправы над апанентамі. Нагадаю, што ў гісторыі гэтых 15 чалавек, абсалютная большасць была потым рэабілітавана.
Кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” падтрымлівае і Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”. Каментуе яе інфармацыйная сакратарка Кацярына Буніна:
– Мы распавядаем аб тым, якая ў нас колькасць людзей, асабліва маладых людзей, якім прысуджаюць смяротнае пакаранне. А па статыстыцы большая частка прысудаў людзям ад 18 да 32 гадоў – наша мэтавая аўдыторыя. З 1994 года каля 300 прысудаў было вынесена маладзёнам. Мне падаецца, што гэта важныя лічбы.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. Гісторыі 15-ці дзеячоў, чые лёсы скончыліся з-за смяротных прысудаў, можна знайсці на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”. А “РАДА” падрыхтавала ў Інстаграме інтэрактыў на тэму смяротнага пакарання.
Беларускае Радыё Рацыя