На волю выйшлі некалькі чалавек, затрыманых па “справе Белгазпрамбанка” (абноўлена)



Сталі вядомыя новыя прозвішчы вызваленых па „справе Белгазпрамбанка”. Як паведамляе «Наша Ніва», на волі старшыня назіральнай рады «Кентаўра» Вольга Радзецкая, акцыянеры «Прыват-лізінга»: дырэктар Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў. Пры гэтым, Сяргей Дабралёт, былы супрацоўнік «Белгазпрамбанка» і акцыянер «Прыватлізінга», не волю не выйшаў — ён у папраўчай калоніі. Крымінальныя справы супраць вызваленых людзей не закрыты, абставіны іх вызвалення невядомыя. 

* * * 

У штабе Бабарыкі пацвердзілі вызваленне трох чалавек. Святлане Купрэевай, Дзмітрыю Караку і Дзмітрыю Жардзецкаму змянілі меру стрымання — яны знаходзяцца дома са сваімі блізкімі. Сувязі з імі пакуль няма, паведаміў штаб Бабарыкі, пацвердзіўшы інфармацыю пра вызваленне некаторых паплечнікаў банкіра.

Святлану Купрэеву затрымалі 15 чэрвеня 2020 года, Дзмітрыя Караку — 18 чэрвеня разам з Віктарам Бабарыкам. Ім выстаўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязнямі.

У СІЗА КДБ працягвае знаходзіцца сын Віктара — Эдуард Бабарыка.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

На свабоду выйшлі некалькі чалавек, якія былі затрыманыя па так званай “справе Белгазпрамбанка”.

Паводле інфармацыі Zerkalo.io, сярод іх: сяброўка сям’і Бабарыкі – Святлана Купрэева, а таксама былы дарадца Бабарыкі і сябра праўлення банка – Уладзімір Сажын. Гэтую інфармацыю журналісты атрымалі ад некалькі крыніц, не звязаных паміж сабою. Купрэева праходзіла па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў і знаходзілася ў СІЗА КДБ. Пра яе вызваленне вечарам 11 кастрычніка паведамілі яе сябры. Па якім артыкуле праходзіў Сажын – невядома.

Таксама, паводле інфармацыі Zerkalo.io, на свабоду выйшаў былі асабісты памочнік Бабарыкі – Дзмітрый Карака, і сябра Віктара Бабарыкі – Дзмітрый Жардзецкі. У былым штабе каманды Віктара Бабарыкі не пацвярджаюць інфармацыю пра вызваленне гэтых людзей.

Фота: belgazprombank.by