Аліна Стэфановіч: Ліставанне з мужам палепшылася



Жонка палітвязня-„вясноўца” Валянціна Стэфановіча Аліна лічыць, што апошнім часам кантакты з мужам праз ліставанне палепшыліся. Распавядае Аліна Стэфановіч:

– Цяпер з ліставаннем стала добра. Першыя два месяцы было зусім кепска. Я атрымала тры лісты фактычна за два месяцы. І ўвогуле ў яго было кепска з ліставаннем – ад яго ніхто не атрымліваў лісты. Ні калегі, ні сябры, ні бацькі ягоныя. Ну і ў тым ліку са мной было цяжка. Пасля таго, як я стала пра гэта паўсюль распавядаць, у тым ліку на паседжанні літоўскага сойму, прысвячанага «вясноўцам» і праваабаронцам, якія затрыманыя ў Беларусі, ліставанне, на дзіва, раптам наладзілася.

Па словах Аліны Стэфановіч пра праблемы, якія ёсць з ліставаннем з палітвязнямі, трэба распавядаць як мага шырэй, і тады гэтыя праблемы будуць патроху вырашацца.

– Для таго і робяцца ўсе гэтыя кампаніі, каб дапамагчы ім выйсці, у першую чаргу, канечне. Але нават розгалас пра тыя несправядлівасці, пра тыя беззаконныя метады ціску, які, відавочна, на іх аказваюць, то гэты розгалас дапамагае з імі змагацца. Таму зараз стала лягчэй.

Вясновец” Валянцін Стэфановіч знаходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года і 14 кастрычніка ён адзначыць там сваё 49 годдзе.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя