Ці адбудуцца ўкраіна-расейскія перамовы?
Некалькі месяцаў запар украінскія і расейскія ўлады абменьваюцца інфармацыйнымі ўкідамі пра магчымасць перамоваў паміж Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным. Пра верагоднасць такой сустрэчы пісалі пад рознымі соўсамі медыі абедзьвюх краінаў. Дайшло да таго, што першыя асобы дзяржаваў у той ці іншы спосаб тлумачылі грамадствам, пры якіх умовах такія перамовы ўвогуле магчымыя. Калі чытаць тыя пазіцыі паасобку, то, здаецца, Кіеў і Масква насамрэч выйшлі на цярністы шлях, які ў далёкай перспектыве можа прывесці да паразумення. Але пры суаднясенні патрабаванняў бакоў становіцца зразумелым, што на гэты момант улады Украіны і Расеі практычна не маюць кропак судатыкнення.
Асноўныя канфліктныя моманты, якія не дазваляюць перагарнуць старонку, ляжаць на паверхні. Масква ўвесь час гаворыць пра тое, што ўкраінскія ўлады “перадалі сваю дзяржаву пад знешняе кіраванне”. Паўтараючы бясконца гэты аргумент, крамлёўцы спрабуюць зняць з сябе адказнасць за вайсковую агрэсію ў 2014 годзе і анексію Крыма. Маўляў, Украіна як суб’ект міжнароднага права перастала існаваць пасля Еўрамайдану. Адпаведна, дзеянні Расеі былі абумоўленыя жыццёвымі інтарэсамі і неабходнасцю абароны “свайго” насельніцтва. Кіеў, сваёй чаргой, справядліва патрабуе ад Масквы сыходу “зялёных чалавечкаў” з акупаваных тэрыторый і вызвалення ўкраінскіх закладнікаў з турмаў. Зразумела, на выкананне гэтых умоваў Масква пры цяперашняй уладзе не пойдзе ніколі, таму далейшыя размовы пра адкрытасць да дыялогу носяць выключна характар спецаперацыі, каб выйграць час і навязаць Украіне свае ўмовы.
І вось, здаецца, пастаўленая кропка ў пытанні сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага. Пад аўтарствам намесніка старшыні расейскага Саўбеза і былога кіраўніка РФ Дзмітрыя Мядзведзева выйшаў артыкул у выданні “Камерсант”, у якім па пунктах набліжаны да Пуціна чыноўнік на пальцах тлумачыць, чаму Масква не пойдзе на перамовы з Кіевам. У публікацыі пад назвай “Чаму бессэнсоўныя кантакты з цяперашнім украінскім кіраўніцтвам” расейскі палітык у падкрэслена зняважлівай форме дае ацэнкі ўкраінскаму прэзідэнту, разважае на тэму ягонай габрэйскай нацыянальнасці і ўвогуле кпіць з украінскай ідэнтычнасці. Пасля такой публікацыі, якая, без усялякага сумневу, сугучная поглядам галоўнага крамлёўскага гаспадара, становіцца зразумелым, што ранейшы інфармацыйны шум пра магчымыя ўкраіна-расейскія перамовы насамрэч не мелі пад сабой ніякай падставы. І, насуперак спрэчным тэзісам артыкула, не ва Украіне справа, а ў самой Расеі, з якой Кіеву няма сэнсу весці перамовы, пакуль не зменіцца ўлада.