Марфа Рабкова: Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя
Каардынатарка Валанцёрскай службы „Вясны” Марфа Рабкова даслала ліст з СІЗА, у якім распавяла пра год у турме, свае дасягненні ў фізічных практыкаваннях і кнігі, якія прачытала апошнім часам.
„Мне таксама не верыцца, што прайшоў год. Часам ад гэтага становіцца сумна, як падумаеш пра тое, колькі часу ты ў зняволенні. Час хутка ідзе і чым далей – тым хутчэй. Ведаць бы, колькі яшчэ трываць, нават, калі дзень вызвалення не хутка, хацелася б яго ведаць. Так прасцей чакаць, невядомасць вымотвае.
Наконт справы – цішыня, але нібыта трохмесячная прадлёнка павінна быць апошняй. Следства скончыцца і наперадзе будуць цікавыя падзеі ў выглядзе азнаямлення з матэрыяламі справы і суды. Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя„, – піша праваабаронца.
Яна адзначае, што ў яе ўсё ў парадку – „жыццё ідзе сваёй чарадой”, і падзялілася навінамі:
„З новага – я стала ўпарта і актыўна займацца, раблю практыкаванні падчас прагулак і ў камеры. Ужо гэта ўвайшло ў звычку. Але бывае ўключаецца лянота, калі з-за дажджу мы не ідзем гуляць.
Прачнуўся апетыт, і я ем досыць шмат, трэба зрэзаць рацыён. Цяпер я ў ідэальнай форме – прыблізна 50 кг або трохі менш. Складана зарыентавацца без вагоў. Зарадку на вуліцы мы робім калектыўна ўсёй камерай, гэта падбадзёрвае, ды і наогул усё праходзіць весялей. Мае дасягненні – 105 разоў прысядаю і 5 разоў падцягваюся на ложку. Вось такі невялікі прагрэс, але трэба ісці далей„.
Марфа піша, што ёй пашанцавала з суседкамі па камеры:
„Мне з імі пашанцавала, стараемся прыдумляць новыя заняткі для сумеснага вольнага часу. Напрыклад, сталі пісаць дыктоўкі, і гэта не з праста – з часам у СІЗА мозг пачынае тупіць, і ты не можаш успомніць, як пішуцца нават самыя банальныя словы. Хоць накшталт і чытаем шмат, пішам лісты – толку няма. І такая дэградацыя адбываецца абсалютна ва ўсіх. Таму і вырашылі пісаць дыктоўкі з далейшым разборам памылак. Цягнем запалкі каму з нас дыктаваць. Я пакуль ні разу не рабіла„.
Праваабаронца адзначае, што ўжо стамілася ад кніг, вырашыла пачытаць на працягу тыдня толькі газеты і часопісы, а таксама разгадваць японскія крыжаванкі.
„З апошняга, што прачытала Гётэ „Фаўст”, у кнізе яшчэ была абраная лірыка Гётэ. Але я паспела прачытаць толькі палову дадзенай лірыкі. Кінула, бо яна мяне ўганяе ў меланхолію. Да гэтага чытала яшчэ выбраныя творы Якуба Коласа. Мне іх далі на рускай мове! Гэта быў атас, губляецца ўвесь смак вершаў. Ты ж ведала, што Колас на Валадарскага таксама сядзеў? У яго досыць шмат вершаў прымеркаваны і напісаны ў турэмны перыяд„.
Марфа Рабкова плануе даведацца больш пра лёс беларускай паэткі Ларысы Геніюш:
„У яе цудоўныя вершы, але такое горкае жыццё. Учора адкрыла яшчэ адзін верш яе. Падумала, што можна паспрабаваць замовіць кнігу ў мясцовай бібліятэцы, раптам ёсць. Дык вось верш:
Не згінай мяне, я не сагнуся Не баюся ні страхаў, ні зла. Нездарма я з зямлі беларускай Непахіснай сасною ўрасла. Напрасткі йду няходжанай сцежкаю, Мудрасьць продкаў у гарачай крыві, Не прад кім не схіляю паспешная Крыху гордай сваёй галавы. Абдымаю ўсю набрыдзь, што вокал, Чалавечы мой блытае лес Гляджу ўдалячынь, не маргнуўшы нат вокам. Розум цемру праніжа наскрозь!”
Плануе праваабаронца ў бліжэйшы час чытаць Рэмарка „На Заходнім фронце без пераменаў” і „Тры таварышы”. Яна перадае ўсім вялікае прывітанне і „моцныя абдымашкі”.
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года і стала першай затрыманай прадстаўніцай арганізацыі. У кватэры Марфы быў праведзены ператрус, канфіскаваныя грошы, асабістыя рэчы і тэхніка, а саму праваабаронцу змясцілі пад варту, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль.
Марфа абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса выключна за сваю законную і мірную праваабарончую дзейнасці.
Пішыце Марфе лісты салідарнасці: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай