125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Шчакаціхіна
Беларускі мастацтвазнавец, педагог, гісторык і тэарэтык мастацтва Мікалай Шчакаціхін нарадзіўся 13 кастрычніка 1896 года ў Маскве. З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вывучыў яшчэ некалькі (ведаў каля 12 моваў). У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 гг. вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Працаваў у Расеі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе перавёўся ў Харкаў, дзе працаваў адначасна навуковым супрацоўнікам музею, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і сябрам рэпертуарнай камісіі пры навукова-тэарытычным аддзяленні Наркамасветы Ўкраіны. Быў сябрам праўлення Ўсеўкраінскага Саюзу пісьменнікаў.
У 1921 годзе пераехаў у Мінск. З 1922 года працаваў асістэнтам катэдры гісторыі мастацтва БДУ, распрацаваў і выкладаў курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званне дацэнта. Адначасна з 1925 года працаваў у Інбелкульце як навуковы сакратар Секцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактара выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварыў Камісію гісторыі мастацтва, у якой сабраў менскіх і рэгіянальных, пераважна, віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў.
Сфера яго навуковых інтарэсаў была надзвычай шырокай. Найперш ён займаўся вывучэннем беларускай архітэктуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: сакральнай і абарончай. Пачаў распрацоўку пытання абарончай храмавай архітэктуры ў ВКЛ. Даследаваў выяўленчае мастацтва, ў тым ліку жывапіс полацкіх храмаў XVII-XVIII стст., старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Скарыны. Арыентаваў моладзь на стварэнне нацыянальнай мастацкай школы. Таксама займаўся распрацоўкай канцэпцыі беларускага мастацтва, асноўных яго кірункаў і перыядызацыяй. Увёў ва ўжытак паняткі «беларускае адраджэнне», «беларуская готыка», «беларускае барока». Хацеў стварыць у Беларусі вышэйшую мастацкую акадэмію. Дзейсна ўдзельнічаў у арганізацыі і афармленні музейных збораў. У 1926 годзе выступіў як адзін з арганізатараў 1-й Усебеларускай мастацкай выставы. У 1928 годзе выйшаў 1-ы том кнігі «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». За першым томам мусілі выйсці наступныя чатыры. Але перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі. У 1930-я гады былі падрыхтаваны рукапісы «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI-XVII ст.», якія захоўваюцца цяпер у Эрмітажы.
18 ліпеня 1930 года Шчакаціхіна арыштавалі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». У 1931 годзе выслалі на 5 гадоў у Башкірыю. У горадзе Белябей яму давялося працаваць статыстам, планавіком у райспажыўсаюзе, затым у яго атрымалася ўладкавацца на выкладчыцкую працу. Пазбаўлены матэрыялу для навуковай працы, ён працягваў навуковыя доследы, не пакідаў надзеі вярнуцца да навуковай працы ў Беларусі. У 1937 годзе яму прысудзілі яшчэ адзін тэрмін. 1 красавіка 1940 года Мікола Шчакаціхін памёр у Белябеі ад сухотаў, на якія ён захварэў пасля чарговага «прафілактычнага» арышту да камуністычнага свята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе. У 1993 годзе па ініцыятыве ТБМ 1-ы том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва» перавыданы. Да 100-годдзя навукоўца Белпошта выпусціла ў яго гонар марку. У 2008 годзе ў Мінску на доме (вуліца Валадарскага-24), дзе жыў Шчакаціхін, усталявана мемарыяльная дошка.
Беларускае Радыё Рацыя