Палітвязні і кнігі
Сябры, што з’ехалі з Беларусі даўно ці зусім нядаўна, кажуць, што навіны з Беларусі немагчыма чытаць, але… цягне. І на радзіму цягне – шкодная звычка, з якой хтосьці будзе змагацца ўсё жыццё! А хтосьці застанецца тут. Магчыма, пашкадуе. Магчыма – не.
Той, хто застаўся, дазіруе навіны, быццам атруту, але хтосьці не можа дазволіць сабе і такой раскошы. Той хтосьці жыве з тым, з чым ты сустрэўся пару разоў на мітынгу, а потым вярнуўся дадому… Ты дома. Ты ходзіш на працу. Ты вярнуўся. Адпачываеш на прыродзе. Або не на прыродзе. Або не адпачываеш. Тваё жыццё і твой выбар – да пары да часу. Тут. Да пары да часу ты вольны. Яны “палітычныя” – ужо сёння. І гэта няпросты выбар.
У Беларусі па стане на 12 кастрычніка вечар – ужо халодны шэры восеньскі вечар – 801 палітвязень. Адвакат Ірына Козікава напісала ў фэйсбуку назвы тых кніг, якія прачытаў яе калега-адвакат, палітвязень Максім Знак. У сьпісе чарговая партыя… 276 творы. У сваім лісьце Знак напісаў, што яму прынесьлі новую калекцыю кніг – і гэта радасць для чалавека чытаючага! Чалавек прачытаў амаль 300 кніг за год і сядзець яму яшчэ доўга.
Хто зрабіў такі недарэчны выбар за яго і за нас? Чалавек, які ў стане чытаць Хокінга і Акутагаву пры святле турэмнай лямпачкі, змог бы на волі зрабіць шмат добрых справаў для добрых людзей… Таму і сядзіць? Наша краіна робіць дзіўны выбар, узвышаючы людзей, якія кніг не чытаюць. Што могуць зрабіць простыя людзі на волі? Перадаваць паболей добрых кніг у турэмныя бібліятэкі. І для палітычных, і для іншых катэгорый, якія калісьці прачытаюць штосьці разумнае і штосьці зразумеюць. У прыватнасці, маюць такі шанец. Любому чалавеку падчас патрэбен шанец.