Святлана Чакушка: Нашая традыцыйная культура ўнікальная



Вільня ўслед за Варшавай пачала набрыньваць беларускай песняй. Тут вядомая ўдзельніца
фальклорнага руху Святлана Чакушка пачала ладзіць заняткі па беларускіх спевах. Святлана
скончыла Полацкі ўніверсітэт і лічыць сваімі галоўнымі настаўнікамі – полацкіх этнографаў,
выкладчыкаў універсітэта Вольгу Емяльянчык і Уладзіміра Лобача.

З сённяшнім „Госцем Рацыі” Святланай Чакушкай паразмаўляў Алесь Аркуш:

РР: Ці ёсць яшчэ нейкія людзі, якія захоўваюць гэтыя традыцыі?

Па-першае, экспедыцыі таксама ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства на працягу дзясятка гадоў. Гэтых людзей с кожным годам становіцца ўсё менш і менш, але яны яшчэ ёсць. Мне цяжка казаць, дзе і колькі, але дагэтуль можна сустрэць людзей, якія памятаюць нейкія старажытныя песні. У гэтым годзе мне пашчасціла хоць на два дні патрапіць у экспедыцыю, якая была на маёй малой радзіме, на Лёзненшчыне. Там таксама знаходзіліся і музыканты і спявачкі, якія яшчэ маглі ўзгадаць нейкія традыцыйныя вясельныя песні. У гэтым таксама наша ўнікальнасць па вялікаму рахунку, што да сённяшняга часу ў нас яшчэ можна знайсці тыя ж песні, тыя ж расказы пра нейкія звычаі. Мама мая, канешне, песень не ведае, бо яна 1957 года нараджэння. Але штосьці цікавае нават мая мама можа распавесці, тое, што ёй расказвала яе бабуля пра нейкія такія побытавыя рэчы, якія бытавалі ў мяне на вёсцы, дзе жылі мае бабуля з дзядуля.

РР: Калі казаць пра планы, ці ёсць некія свае задачы?

 Так атрымалася, што зараз я не ў Беларусі, а за мяжой у Літве –  у Вільні. Я хачу паспрабаваць зрабіць свой унёсак у кансалідацыю беларусаў Вільні на аснове традыцыйных спеваў і ўвогуле культуры. Зараз сітуацыя такая, што ў Вільню прыехала шмат неафітаў, калі так можна сказаць. Людзі, якія не шмат ведаюць пра беларускую культуру і пра традыцыйную культуру. Я буду старацца штосьці рабіць тут дзеля таго, каб неяк далучыць гэтых людзей да нейкіх элементаў традыцыйнай культуры. Хачу зрабіць так, каб гэтыя людзі не згубіліся, не забылі пра тое, што яны беларусы. Плюс гэта камунікацыі, гэта нейкая псіхалагічная разгрузка, своеасаблівая медытацыя. Прынамсі першы занятак спеўнага гуртка адбыўся тыдзень таму ў Вільні. Я планую шчыльна пачаць гэтае навучанне спевам. У нас адбылося свята “Багач”, гэта таксама была мая ідэя, якую падтрымалі супрацоўніцы Віленскага беларускага музея і Цэнтра беларускай культуры і супольнасці. Шчыры ім дзякуй за гэта! Гэта вельмі натхняе, калі ёсць людзі на месцы, якія падтрымліваюць твае ідэі. Я спадзяюся, што мы яшчэ штосьці прыдумаем.

РР: Ведаю, што не парываеце сувязі і са сваімі полацкімі сябрамі.

Увогуле фальклорная беларуская тусоўка не вельмі вялікая. Усе мы адзін аднаго ведаем, перыядычна сустракаемся на нейкіх агульных святах. Студэнцкае этнаграфічнае таварыства да сённяшняга часу ладзіць святы гукання вясны і “Багач” увосень. Гэта такія кропкі сустрэч, кантактаў розных фальклорных гуртоў і суполак з усёй Беларусі. Полацк, універсітэт – гэта вельмі важная частка майго жыцця, таму я сябе не ўяўляю, што я перастану падтрымліваць кантакты са сваімі знаёмымі, выкладчыкамі і сябрамі, якія засталіся яшчэ са студэнцкіх часоў. Гэты час вельмі моцна на мяне паўплываў, як на асобу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Заняткі па беларускіх спевах Святлана Чакушка праводзіць у Вільні ў памяшканні Цэнтра
беларускай культуры два разы на тыдзень. Па серадах – пачатак а 19-й гадзіне і па суботах –
пачатак а 15-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя