Аліна Стэфановіч: Дзеці вельмі сумуюць
14 кастрычніка свой дзень Народзінаў сустракае сябра Рады «Вясны» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч. Яго жонка Аліна распавядае, што піша яе муж у лістах з-за кратаў:
– Вось ён пісаў пра тое, што ў пэўны час у іх забралі тэлевізар, але ён быў рады, калі тэлевізар зноў з’явіўся ў камеры, таму што гэта хоць нейкая магчымасць атрымліваць навіны ў камеры. Відавочна іх трэба дзяліць на дваццаць і пераварочваць у адваротны бок, але гэта пэўная сувязь з сусветам. Ён чытае, кажа, што даволі цяжка атрымаць беларускамоўныя кніжкі не таму, што не даюць, а таму што людзі іх чытаюць.
Па словах Аліны Стэфановіч вельмі сумуюць па тату іх дзеці.
– Дзеці сумуюць, малодшая наогул не ведае, што тата ў турме. Малодшай чатыры гады, напэўна сам панятак турмы занадта рана для яе. Таму для яе тата ў далёкай камандзіроўцы, з якой прыходзяць лісты, але немагчыма туды патэлефанаваць. Сыны старэйшыя відавочна сумуюць, чакаюць.
Напісаць і павіншаваць Валянціна Стэфановіча можа любы чалавек. Адрас па якому пісаць лісты: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч.
Беларускае Радыё Рацыя