Валерый Білібуха змагаецца праз суд за аднаўленне на працы
Адзіны ў Беларусі незалежны дэпутат Першамайскага сельвыканкама Валерый Білібуха змагаецца праз суд за аднаўленне на працы.
Ён працаваў вальшчыкам леса, а затым лесніком у Кабакоўскім лясніцтве Івацэвіцкага лясгаса з пачатку двухтысячных. Яго звольнілі 2 верасня 2021 года нібы па заканчэнню кантракта. У той час, як кантракт Білібухі быў да 2 верасня 2023 года. Але, як сказала начальніца аддзела кадраў Івацэвіцкага лясгаса ў судзе Ніна Ахотнікава, была дапушчана тэхнічная памылка пры падаўжэнні кантракта: запісана ў дакументах 5 гадоў замест двух. Яна памылку выправіла:
– Пры афарменні пагаднення кантракту з Валерыем Білібухам зрабіла тэхнічную памылку, пазначыла дзеянне кантракта з 3 верасня 2018 года па 2 верасня 2023 года.
Паводле Валерыя Білібухі, кантракт быў заключаны ў 2018 годзе на 5 гадоў, падцверджаны дапаўняльнай згодай у пачатку верасня 20-га года. І да гэтага часу не бачылі памылкі, пакуль, відаць, ім не падказалі з пэўных органаў:
– Калі даведаліся ў лясгасе, што кантракт да 23-га года, праз тыдзень яны ўжо знайшлі тэхнічную памылку. І яны 17-га выдалі загад, што тэхнічная памылка, а 18-га мне прывезлі загад азнаёміцца. Тут не тэхнічная памылка, а гэта за маю грамадзянскую актыўнасць.
Праваабаронца Сяржук Русецкі і кіраўнік Берасцейскага абласнога аддзялення Свабоднага прафсаюза Валянцін Лазарэнкаў лічаць звальненне незаконным і надуманым з яўнай падробкай подпісаў Білібухі пад дакументамі.
Судовы працэс працягнецца 22 кастрычніка.
Цалкам матэрыял:
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя