Павал Латушка: улады выкарыстоўваюць усе інструменты, каб напалохаць беларусаў



На гэтыя плёткі мы не павінны падавацца, улады выкарыстоўваюць усе інструменты, каб напалохаць беларусаў. Кажа Павел Латушка пра заявы беларускіх сілавікоў, што за падпіскі на тэлеграм-каналы, якія ўлады прызнаюць экстрэмісцкімі – можна патрапіць пад крымінальны пераслед. Пра гэта паведамлялі прадстаўнікі ГУБАЗіК на падставе пастановы савета міністраў, пазней выстветлілася – такой нормы дакумент не ўтрымлівае. Але эфект ад запалохвання ёсць, заўважае кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

„Некалькі тысячаў з кожнага каналу паадпісвалася. Таму трэба вяртацца, трэба быць падпісаным, бо ніякай крымінальнай адказнасці за гэта не павінна быць, хаця зразумела, што мы жывем у такой краіне, дзе ўсё магчыма. Але ўсе юрысты кажуць, што гэта немагчыма, у адпаведасці з тым рашэннем, якое прыняў урад Лукашэнкі. Для чаго гэта робіцца? Бо мы маем сапраўды моцнае інфармацыйнае поле пад уплывам дэмакратычных сілаў”.

Па-другое, улада любымі спосабамі хоча дамінаваць у інфармацыйнай прасторы, бо там прайграе. Дадае Павел Латушка. Дзяржаўныя СМІ – беларусы не чытаюць, як іх да гэтага не прымушаюць, кажа палітык. Больш таго, такія дзеянні паказваюць – афіцыёз прызнае сваё паражэнне.

„На сённяшні дзень так, яна прызнала гэта, таму яна будзе выкарыстоўваць адміністратыўныя, крымінальныя, і іншыя рэсурсы для таго каб паменьшыць інфармацыйнае поле для дэмакратычных сілаў”.

На нацыянальным прававым партале з’явіўся тэкст той самай пастановы Саўміна «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». Пра адказнасць за падпіску на тэлеграм-каналы, якія ўнесеныя у базу экстрэмісцкіх там не ўзгадваецца.

Беларускае Радыё Рацыя