Слонімскія артысты выступяць у Гарадзенскім драмтэатры
У суботу, 16 кастрычніка, калектыў Слонімскага драматычнага тэатра выедзе на аднадзённыя гастролі ў Гародню. На сцэне абласнога драматычнага тэатра слонімскія артысты пакажуць два спектаклі.
Спектакль “Нязваны госць” у пастаноўцы рэжысёра Васіля Сяўца будзе адрасаваны дарослым гледачам. Сюжэт пастаноўкі вельмі просты. З суседняга балкона ў кватэру, дзе знаходзіцца гераіня, трапляе невядомы мужчына, які ратуецца ад мужа сваёй палюбоўніцы. Яго заінтрыгавала новая незнаёмка. А, магчыма, і не зусім новая, і не зусім незнаёмка?.. Пра ўсё, што адбываецца на сцэне, убачаць гледачы.
Юных гледачоў парадуе спектакль “Небяспечная казка” ў пастаноўцы рэжысёра Вікторыі Міхальчык. У спектаклі юныя гледачы ўбачаць прыгоды сястры і брата Машы і Вовы ў Вогнедымным царстве, дзе яны, выкарыстоўваючы веды па пажарнай бяспецы, перамагаюць огонь. Спектакль яшчэ раз нагадае і дзецям, і дарослым гісторыю пра тое, якія небяспечныя гульні з агнём, які ў адно імгненне з добрага і цёплага сябра можа ператварыцца ў страшнага ворага. Спектакль з’яўляецца своеасаблівым урокам па правілах пажарнай бяспекі.
У верасні гледачы Слоніма цёпла віталі дзве пастаноўкі Гарадзенскага абласнога драмтэатра – “Жаніцьбу” па п’есе Мікалая Гогаля і казку “Жылі-былі дзве лісічкі”.
Беларускае Радыё Рацыя