Франак Вячорка: Бачым дзеянні абсалютна згубіўшага веру ў сябе суб’екта
Ціханоўская – тэрарыстка і не толькі. Прынамсі так гэта бачыць беларуская улада. Чарговыя абвінавачванні супраць лідараў беларускага пратэсту Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Паводле Следчага камітэту Беларусі, новую крымінальную справу распачалі за тое, што Святлана Ціханоўская і Павел Латушка «стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ад іх імя нават уступаюць у перамовы з замежнымі дзяржавамі».
З дарадцам Святланы Ціханоўскай Франкам Вячоркам мы палічылі колькасць крымінальных справаў, заведеных на беларускую лідарку, а іх – 7 ці нават 8. Таксама пашукалі логіку дзеянняў уладаў.
Франак Вячорка: Гэта марная справа, шукаць логіку і аргументацыю. Выглядае, спрабуюць выслужвацца перад начальнікам – Следчы камітэт, КДБ, пракуратура, ГУБАЗіК. Яны спаборнічаюць у тым, хто больш крэатыўна пераследуе і пакарае апанентаў. Следчаму камітэту трэба было паказаць, што яны працуюць. І яны выстаўляюць новыя абвінавачванні. Але наўрад ці гэта кантралюецца, ці нейкім чынам каардынуецца з самім Лукашэнкам. Гэта проста сімуляцыя работы. А работа ў іх зараз адна – нішчыць грамадзянскую супольнасць і лавіць усіх, хто не падтрымлівае Лукашэнку.
РР: Я вось такія аналогіі знайшоў, мне падалося, што прайшла гэтая Нюрнбергская канферэнцыя, дзе абвінавачвалі Лукашэнку, мне падалося, што гэта такі адказ – Лукашэнка хоча паказаць, што і Ціханоўская, і Латушка самі злачынцы.
Франак Вячорка: Было дзесьці ў афіцыйным каментары, маўляў, гэтым Латушку і Ціханоўскай месца ў Нюрнбергу. У іх зараз такая стадыя адмаўлення. Я думаю, яны пачынаюць усведамляць, што час сыходзіць, што ім прыйдзецца адказваць за ўсе злачынствы. Яны спрабуюць для сябе выйграць яшчэ тыдзень, яшчэ месяц, яшчэ год. Яны спрабуюць сябе пераканаць, а можа быць пранясе, можа быць нешта здарыцца, можа быць увага свету зноў пераключыцца на Аўганістан, на Каўказ, на Лацінскую Амерыку. Яны ўсё спадзяюцца. Але час іх сыходзіць і сыходзіць, як пясок у гадзінніку. Таму яны нешта выдумляць і паводзяць сябе вельмі не рацыянальна. Усё, што апошнія месяцы робіць Лукашэнка і рэжым у цэлым, гэта дзеянні страчанага, абсалютна згубіўшага веру ў сябе суб’екта, які проста спрабуе нейкім чынам на апошнім выдыху нешта зрабіць, паказаць свае мускулы, якіх папросту там не засталося.
Цалкам размова:
Улады ў Беларусі аб’явілі тэрор. А гэта вядзе да цэнзуры і самацэнцуры – гэтага яны і дамагаюцца, каб больш спакойна кіраваць, кажа Франак Вячорка.
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя