Павел Усаў: Захаду нічога не застаецца, як надалей праводзіць палітыку санкцый



Пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Менску рыхтуецца ў Еўразвязе. Ён будзе ўведзены ў лістападзе, паведамляюць СМІ. Чарговыя санкцыі ініцыявала Літва на фоне міграцыйнага крызісу. Брусель прыняў чацвёрты пакет санкцыяў супраць чыноўнікаў Беларусі 24 чэрвеня.

Як кажа палітычны аналітык Павел Усаў, санкцыі – адзін з крокаў ціску. Калі б беларускія ўлады не хацелі эскалацыі гэтага канфлікту, ім варта зрабіць толькі дзве рэчы, кажа палітычны аналітык Павел Усаў:

– Варта было б зрабіць толькі дзве рэчы – спыніць тэрор у Беларусі і спыніць транзіт нелегальных мігрантаў. Мы бачым, што з кожным крокам спружына канфлікту канфрантацыі з Захадам сціскаецца. Лукашэнка першым не хоча зрабіць крок – саступіць, каб не паказаць сваю слабасць. І безумоўна, у дадзеным кантэксце Еўрапейскаму звязу нічога не застаецца, як надалей праводзіць палітыку санкцый.

Палітолаг яшчэ прыгадвае справу Андрэя Зельцэра, якая таксама занепакоіла заходні свет. Гэта комплекс беларускіх праблемаў у адносінах з Захадам, якія не вырашаюцца, а толькі паглыбляюцца. Еўразвяз прапануе ўвесці пяты пакет санкцый, які б датычыўся асоб і прадпрыемстваў, і між іншым, ужыць санкцыі да канкрэтных кампаніяў, якія займаюцца арганізацыяй транзіта нелегальных мігрантаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя