На Гарадзеншчыне „працуюць” кібер-махляры



За тыдзень даверлівыя жыхары Гарадзеншчыны пералічылі падстаўным супрацоўнікам банка 22 тысячы рублёў. Тры ахвяры з Гародні, Наваградка і Ліды паверылі махлярам, што з іх рахункаў намагаюцца скрасці сродкі і іх неадкладна трэба перавесці на адмысловы бяспечны рахунак.

„Сваіх патэнцыйных ахвяр зламыснікі перадусім шукаюць праз сацыяльныя сеткі”, – адзначае юрыст Таварыства абароны правоў спажыўцоў Мілай Навумаў:

Насамрэч крыніц персанальных дадзеных дастаткова шмат, у прыватнасці гэта сацыяльныя сеці. Менавіта ў сацсетках людзі публікуюць інфармацыю пра сябе, гэта датычыць не толькі імя і імя па бацьку. Некаторыя людзі даходзяць да таго, што публікуюць фотаздымак свайго пашпарта ці банкаўскай карты, хоць гэта няправільна. Таксама ў сацсетках можна знайсці такую інфармацыю пра чалавека, як нумар тэлефона, месца пражывання, адрас электроннай пошты. Ну і не варта забываць пра разнастайныя анлайн-тэсты, акцыі і конкурсы.

Суразмоўца дадае, што грамадзяне наўпрост грэбуюць правіламі інфармацыйнай бяспекі, а кібер-махляры гэта актыўна выкарыстоўваюць.

Беларускае Радыё Рацыя