Вадзім Мажэйка: Не трэба дазваляць рэжыму лічыць, што яго правакацыя паспяховая
Сярод галоўных падзей гэтага тыдня – так званы “укід” ад ГУБАЗіК. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з’явілася інфармацыя, што падпісанты “экстрэмісцкіх” сацсетак і мэсэнджараў будуць прызнавацца “удзельнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў” і прыцягвацца да крымінальнай адказнасці. Пазней гэтая інфармацыя не пацвердзілася.
Асноўная мэта ўкіду – напужаць і скараціць колькасць падпісантаў незалежных тэлеграм-каналаў – адзначыў у нашым эфіры эксперт Цэнтру новых ідэй і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў – Вадзім Мажэйка:
-Часткова гэта атрымалася. Мы бачылі спачатку адток падпісчыкаў, пасля, прынамсі на некаторых каналах, ізноў прыток. На тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай у выніку падпісалася больш, чым было да гэтага. Але асноўнае тут, канешне, – застрашэнне. Бо калі глядзець на саму сутнасць рэпрэсій, я б зазначыў два моманты. Асноўнае – гэта тое, што, як кажуць, «руки коротки». Нават, калі б ГУБАЗіК ведаў з імёнамі і нумарамі пашпартоў усіх людзей, якія падпісаныя на непажаданыя ўладам тэлеграм-каналы, то яны па-просту не маюць фізічнай магчымасці рэпрэсаваць такую колькасць людзей. Яны могуць толькі запужваць. І, па-другое, калі глабальна казаць пра працу прававой сістэмы, то ёсць два механізмы: або існуе права і караюць тых, хто вінаваты згодна з буквай гэтага права, або караюць людзей за тое, што ён іншадумца, таму што ён ідэйны вораг. Відавочна, што ў Беларусі працуе другая схема. Людзі баяцца, што іх пакараюць за тое, што ў іх тэлефоне знойдуць падпіску на экстрэмісцкі тэлеграм-канал. А быццам, калі хочуць пакараць, то таварыш маёр не падпіша іх на любы тэлеграм-канал, калі яго затрымаюць! Якая розніца, усталяваны на яго тэлефон тэлеграм-канал ці не, быццам яго не могуць проста так пакараць. Можна ўзгадаць усе гэтыя гісторыі пра тое, як чалавека, які фізічна не можа размаўляць, каралі за тое, што ён крычаў :”Жыве Беларусь!”. А чалавека з адной рукой каралі за тое, што ён пляскаў у ладкі. Зыходзячы з усяго гэтага, мне здаецца, што нават калі б быў закон, які карае за падпіску на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, ён бы нічога не змяніў на практыцы.
РР: Звернемся да тэмы міграцыйнага крызісу, які не спыняе абароты. І акрамя палітычных, паўстае маральная праблема – з аднаго боку хочацца дапамагчы мігрантам, і тут на Падляшшы ладзяцца цэнтры падтрымкі. А сёння я бачыў відэа, як гэтыя мігранты даўжэзнымі жалезнымі палкамі руйнуюць агароджу, і польскія памежнікі фактычна не ведаюць, што рабіць. Што рабіць у гэтай сітуацыі, як ставіцца да мігрантаў?
Вадзім Мажэйка: Лукашэнкаўская ўлада таму і спрабуе справакаваць такі крызіс, менавіта таму што ён сапраўды складаны. Да любых людзей варта ставіцца па-людску. Іншая справа, як гэта рабіць разам з тым не трапляючы ў пастку, якую расстаўляе Лукашэнка. Бо Лукашэнка якраз быў бы зацікаўлены ў тым, каб гэта справакавала ўнутраныя палітычныя крызісы ў Польшчы і Літве. Каб потым некантраляванае прыбыццё вялікай колькасці мігрантаў справакавала гуманітарны крызіс ужо ў самой Польшчы, і ў тым ліку на Падляшшы. Таму важна знаходзіць тут баланс. Мігранты імкнуцца да лепшага жыцця. І дзіўна на іх за гэта крыўдзіцца. Так, яны не ведаюць легальных механізмаў часам. Не разумеюць юрыдычны кантэкст. І мігранты – проста закладнікі гэтай сітуацыі. Яны тут у пастцы, яны – ахвяры. І рэжым Лукашэнкі якраз і хацеў, каб мы спрачаліся пра мігрантаў і пра тое, вінаватыя яны ці не. Таму трэба рэжыму не даваць падставаў лічыць, што яго правакацыя паспяховая, а з іншага боку, біць па другім выгадаатрымальніку – гэта розных нелегальных групоўках, якія займаюцца гандлем людзьмі і якія дапамагаюць пасярэдніцтвам. І міжнародны ціск на тыя ж авіякампаніі, якія дапамагаюць арганізоўваць такія чартары.
Цалкам гутарка ў далучаных гукавых файлах:
Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя