Нямецкая прэса агучыла адну з прычын смерці Нямцова



Барыса Нямцова маглі забіць за дапамогу ўладам ЗША ў падрыхтоўцы санкцый супраць Расеі. Такую версію прыводзіць сёння нямецкая прэса. Звесткі, прадастаўленыя Барысам Нямцовым, дапамаглі амерыканскаму кіраўніцтву скласці санкцыйныя спісы. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў органах бяспекі паведамляе газета “Frankfurter Allgemeine Sonntags-zeitung”.

Па дадзеных выдання, палітык дзяліўся звесткамі з ЗША ў той час, як Вашынгтон працаваў над мерамі супраць расейскіх чыноўнікаў і прадпрымальнікаў у сувязі з далучэннем Крыма ў 2014 годзе. Апазіцыянеру Уладзіміру Мілаву гэтая версія падаецца праўдападобнай. Ён сказаў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін і яго асяроддзе не чакалі настолькі моцнага ўплыву заходніх санкцый на айчынную эканоміку. Па звестках газеты, Барыс Нямцоў таксама аказваў ЗША садзейнічанне ў працэсе складання так званага «спісу Магніцкага», прынятага ў 2012-ым. Апазіцыянер сустракаўся з сенатарамі Джонам Маккейнам і Роннам Джонсанам, Нямцоў перадаў ім імёны 13 суайчыннікаў для ўключэння ў спіс, як піша газета.

Па дадзеных выдання, у перададзеным Барысам Нямцовым пераліку фігуравалі блізкія паплечнікі Уладзіміра Пуціна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvrain.ru