Дар’я Рублеўская пра „справу студэнтаў”



Сярод крымінальных палітычна-матываваных судовых працэсаў, дзе людзей судзілі групамі, ёсць і сумнавядомая “справа студэнтаў”. Сёлета, у ліпені, 12 чалавек былі асуджаны да 2,5 гадоў калоніі (адзін з іх – да двух гадоў). Іх лёс адсочвае Задзіночанне беларускіх студэнтаў.

Дар’я Рублеўская

З сакратаркай па знешніх сувязях гэтага аб’яднання Дар’яй Рублеўскай паразмаўляла наша карэспандэнтка Ева Бардзілоўская:

РР: Асуджаныя 11-ць студэнтаў плюс адна выкладчыца, яны былі сябрамі ЗБС?

Не, не ўсе. Калі казаць, што асуджаны 10-ць студэнтаў і студэнтак, адна выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і адна выкладчыца БДУІРа Вольга Філатчанкава. Атрымліваецца так, што сябрамі Задзіночання беларускіх студэнтаў было некалькі чалавек. Напрыклад, гэта дзве сяброўкі Рады Ксенія Сырамалот і Алана Гебрэмарыям. Таксама прыхільнік Ягор Канецкі і дзвн прыхільніцы Кася Будзько і Яна Арабейка. У Задзіночанні беларускіх студэнтаў да 23-га лютага гэтага года, да рэарганізацыі арганізацыі, наша супольнасць была не сяброўскай, а прыхільніцкай. То бок у нашай арганізацыі былі прыхільнікі і прыхільніцы, а не сябры і сяброўкі.

РР: Ці ўсе асуджаныя студэнты пераведзеныя з СІЗА ў калоніі?

– Пакуль што не. На Валадарцы застаецца яшчэ Кася Будзько. Да гэтага літаральна на днях былі пераведзены Вікторыя Грынкоўская, Анастасія Булыбенка, Алана Гебрэмарыям і Ягор Канецкі. Яшчэ да апеляцыйнага разгляду справы былі пераведзены Ілля Трахтэнберг, Глеб Фіцнер, Марыя Каленнік і Ксенія Сырамалот.

РР: У колькіх гарадах знаходзяцца студэнты?

Зараз усе дзяўчаты: Вольга Філатчанка ў гомельскай калоніі, Ілля Трахтэнберг і Глеб Фіцнер у магілёўскай калоніі і Ягор Канецкі паехаў у Віцебскую вобласць на “Віцьбу”.

РР: Як удаецца адсочваць лёсы студэнтаў?

Ёсць дзве крыніцы інфармацыі пра студэнтаў, студэнтак. Першае, гэта лісты, карэспандэнцыя. Другое, камунікацыя са сваякамі, якія ходзяць на спатканні, або камунікуюць з адвакатамі, у якіх камунікацыя значна больш шчыльная. Праз лісты атрымліваецца даведвацца пра настроі студэнтаў, студэнтак. На самым пачатку ў многіх была поўная разгубленасць, калі іх толькі затрымалі. Потым разуменне таго, што ўсё гэта вельмі надумана, што справа не мае ніякіх лагічных абгрунтаванняў, няма ніякага складу злачынства ці правапарушэння. Усё тое, у чым іх абвінавачвалі, абсалютна надуманая палітычная спроба затушыць студэнцкі пратэст. Перад судом на іх відавочна ціснулі, блакавалі карэспандэнцыю, таму яны перабывалі ў такім дастаткова прыгнечаным стане. Але на судзе мы ўсе пабачылі, якія яны моцныя, якія яны непарушныя і сапраўды свабодныя людзі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Задзіночанне беларускіх студэнтаў намагаецца адсочваць і дапамагаць не толькі зняволеным па „справе студэнтаў”, але агулам і ўсім зняволеным студэнтам і студэнткам, абітурыентам і абітурыенткам, а таксама часам зняволеным прадстаўнікам акадэмічнай супольнасці.

Беларускае Радыё Рацыя