Фігурантам «карагоднай справы» дадаюць яшчэ адзін крымінальны артыкул
Ужо вядома сама менш пра чатыры выпадкі, калі абвінавачаным у «карагоднай справе» берасцейцам пагражаюць новымі крымінальнымі справамі. Праваабаронцы паведамляюць, што Ганна Баран, Юлія Лаптановіч, Уладзімір і Кацярына Ганчаровы абвінавачваюцца паводле новага артыкула, на падставе якога ў іх адбыліся ператрусы.
Цяпер, акрамя артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), фігурантам дадалі 369-ы крымінальны артыкул (абраза прадстаўніка ўлады). Калі першай справай займаўся ГУБАЗіК, гэтым разам да працэсу падключыўся Камітэт дзяржбяспекі.
Судовы працэс па «карагоднай справе» над дзявятай групай жыхароў Берасцейскай вобласці адновіцца 25 кастрычніка.
Агулам за акцыю пратэсту 16 верасня ў Берасці ўжо асуджаны звыш 80 чалавек, падазраванымі праходзяць больш за сотню.