Пра сяброўскую краіну
У Беларусі з’явілася сяброўская краіна. Гэта Нікарагуа. Яна на словах падтрымала Беларусь у барацьбе супраць калектыўнага Захаду. Цяпер у МЗС Беларусі ёсць чым займацца: наладжваннем сувязяў з Нікарагуа. Забытыя ўсе ранейшыя дамоўленасці і наладжванне сувязяў з Еўропай. Падумаеш, пасол Францыі пакінуў Беларусь. У нас цяпер ёсць Нікарагуа.
“Нікарагуа з’яўляецца важным партнёрам для Беларусі”, – прыводзіць словы міністра МЗС адно дзяржаўнае выданне. Сапраўды, для чаго нам калектыўны Захад як партнёр. Нікарагуа – нашае ўсё. Што ж гэта за краіна такая Нікарагуа? Пачнем з таго, што нашая суседка Украіна ў лютым гэтага году ўвяла санкцыі ў дачыненні да Нікарагуа. Прычына – Нікарагуа адкрыла консульства ў анексаваным Крыме. А яшчэ ў Нікарагуа змагаюцца з антыўрадавымі пратэстамі. Напрыклад, у 2018 годзе падчас антыўрадавых пратэстаў, паводле дадзеных праваабаронцаў, загінула больш за 300 чалавек. Ды і ў ХХ стагоддзі там было не лепей. Спачатку дыктатура сям’і Самоса, потым – грамадзянская вайна. А яшчэ Нікарагуа багатай краінай не назавеш: яна адна з найменш развітых дзяржаў Цэнтральнай Амерыкі. А яшчэ ў Нікарагуа ўзмацняюцца прарасейскія настроі, падмацаваныя настальгіяй па савецкай дапамозе. Так што, Нікарагуа для афіцыйнага Менска вельмі блізкая краіна.