Лукашэнка ізноў страшыць чыноўнікаў і грамадзян



Аляксандр Лукашэнка зноў страшыць і чыноўнікаў, і грамадзян. Праўда, з гэтага можна зрабіць выснову, што ён сам баіцца і далёка не адчувае сябе пераможцам. Напярэдадні афіцыйны кіраўнік дзяржавы зрабіў чарговыя заявы, а ў сюжэце дзяржаўнага тэлебачання аб прызначэннях у КДБ сілавікам схавалі твары.

У спецслужбах Беларусі адбыліся прызначэнні. Пра гэта ўдзень, 18 кастрычніка, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Лукашэнкі “Пул Первого”. Праўда, там зазначылі, што прозвішчы і пасады новых прызначэнцаў у структуры КДБ пакуль не будуць называць. Падчас нарады, вытрымкі з якой зноў жа можна было пабачыць і пачуць у “Пул Первого”, Аляксандр Лукашэнка чарговым разам страшыў “калектыўным Захадам”, які хоча дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, і тым, што рыхтуецца чарговая спроба дзяржаўнага перавароту. Працытую некалькі момантаў. “Хачу звярнуць увагу: сітуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепей за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не змяніла планаў праціўніка. Калектыўны Захад працягвае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, а самае небяспечнае для нас – знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы… Задзейнічаюцца санкцыі, фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведам, мы з гэтым працуем”, – казаў Лукашэнка. Паўтарыў ён сваю мантру пра цэнтры ў Варшаве і Вільні, якія нібыта дзейнічаюць супраць дзяржаўных дзеячаў у Беларусі, прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, сілавікоў і нават суддзяў. І яшчэ дзве важныя рэчы. Лукашэнка сказаў, што рыхтуюцца дыверсіі на аб’ектах абарончага комплексу, эканомікі і жыццезабеспячэння, а магчымай датай чарговай спробы рэвалюцыі, або дня Х, ён назваў перыяд правядзення Канстытуцыйнага рэферэндуму, які мае адбыцца ў лютым 2022 года.

Чаму я так шмат увагі надзяліла менавіта гэтым выказванням? Бо з іх можна зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, відавочна, што Аляксандр Лукашэнка, не зважаючы на ўвесь год рэпрэсій, катаванняў і застрашвання грамадзян, не пачуваецца бяспечна ў сваім крэсле, не адчувае сябе пераможцам сітуацыі, увесь час баіцца. А тут яшчэ на тым “калектыўным Захадзе” усё часцей гучаць словы “Міжнародны трыбунал” і “Нюрнберг”. Па-другое, калі, на жаль, Лукашэнка не жыве спакойна, то ня дасць ён жыць спакойна і людзям. Можна прагназаваць, што прынамсі да сакавіка 2022 года не будзе ніякай палёгкі, ніякага змякчэння рэжыму або вызвалення палітвязняў. Будзе кепска, абы не яшчэ горш. Па-трэцяе, з увагі на пералічаныя Лукашэнкам пагрозы, зноў жа можна меркаваць, якія артыкулы будуць выпісваць затрыманым грамадзянам: тэрарызм, здрада дзяржаве, спроба перавароту і гэтак далей. На жаль, уяўныя пагрозы становяцца рэальнай небяспекай для многіх беларусаў, для іх свабоды, здароўя і жыцця. Прагнозы мае змрочныя, і добра, калі я памыляюся.

На фоне таго, што ў Беларусі бушуе чарговая хваля каронавіруса, а напярэдадні стала вядома, што Міністэрства аховы здароўя спыняе ўсё амбулаторна-паліклінічнае лячэнне, шпіталі закладзеныя хворымі на кавід, афіцыйнае кіраўніцтва краіны надалей шукае ворагаў і разгортвае свае інфармацыйна-ідэалагічныя і гібрыдныя войны.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: autoparus.com