Вадзім Мажэйка: нелегальныя мігранты гэта ахвяры



Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Еўразвязам. «Сітуацыя складаная і супярэчлівая, але да любых людзей трэба ставіцца па-людску ў любой сітуацыі. Гэта заўсёды правільны падыход», – заявіў у нашым эфіры аналітык BISS (Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў) Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка

„Іншая справа, як гэта рабіць, не ўпадаючы ў пастку, якую расстаўляе Лукашэнка. Бо Лукашэнка быў бы зацікаўлены ў тым, каб гуманітарнае вымярэнне крызісу фактычна правакавала ўнутраныя палітычныя крызісы ў той жа Польшчы і Летуве. Каб потым прыняццё вялікай колькасці мігрантаў правакавала ўсё большыя крызісы. Важна знаходзіць гэты баланс, гэта заўсёды няпроста, бо нідзе ў свеце няма ідэальных адказаў на гэтые пытанне”.

«Мігранты імкнуцца да лепшага жыцця, і дзіўна на іх за гэта крыўдзіцца. Часам яны не ведаюць нармальных легальных механізмаў, як гэта рабіць, не разумеюць юрыдычны кантэкст. Яны ня ведаюць, у чым палягае канфлікт між беларускім рэжымам і Еўразвязам. Яны тут у пастцы, яны – ахвяра», – мяркуе аналітык.

„Трэба разумець, што у гэтай сітуацыі ёсць той, хто яе правакуе – гэта рэжым Лукашэнкі, той хто гэтым карыстаецца. І трэба глядзець на тое, каб з аднаго боку не даваць рэжыму падставаў лічыць, што іхная правакацыя паспяховая, а з іншага боку біць па другім – па розным нелегальным групоўкам, якія займаюцца гандлем людзьмі, якія дапамагаюць у гэтым”.

На думку Вадзіма Мажэйкі, патрэбны і міжнародны ціск на авіякампаніі, якія ладзяць адмысловыя чартары для ўвозу мігрантаў у Беларусь. Эксперт таксама лічыць вартым звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў краінах, адкуль едуць мігранты – у Сірыі, Афганістане, Іраку. «Бо калі б у гэтых дзяржавах панавала вяршэнства права, былі б дэмакратычныя выбары і паважаліся правы чалавека, то мігрантаў адтуль было б значна менш», – кажа Мажэйка.

Беларускае Радыё Рацыя