Наталля Хершэ сустрэла дзень народзінаў у турме
Сёння, 20 кастрычніка, у палітзняволенай Наталлі Хершэ дзень народзінаў.
Але свае 52 гады Наталля сустрэла ў магілёўскай турме будзённа, упэўнены яе брат Генадзь Касьян:
– Адзінае, што ціша маю думку, гэта тое, што ў гэты дзень, і наперад, і ўчора, і заўтра яна будзе атрымліваць вялікую колькасць паштовак, віншавальных лістоў, тэлеграм. Вось гэта грэе маю душу.
Генадзь Касьян заклікае павіншаваць Наталлю Хершэ. Зручна гэта зрабіць праз гібрыдную пошту. Для гэтага варта прыйсці ў аддзяленне беларускай пошты і запоўніць бланк замовы для адпраўлення NETЛІСТ. Такая паслуга каштуе каля аднаго рубля, а паведамленне даходзіць хутка, прыкладна за гадзіну, адзначыў Генадзь.
Адрас для лістоў: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.
Таксама стала вядома, што ў Наталлі Хершэ пачалі выпадаць валасы. Раней яна прымала гарманальныя прэпараты, якія ёй прызначыў лекар у Швейцарыі. Але доктарка магілёўскай турмы не палічыла патрэбным выпісаць такія ж лекі, таму перадаць іх Наталлі пакуль немагчыма.
Наталля Хершэ мае грамадзянства Швейцарыі. Яе асудзілі на два з паловай гады за падраную балаклаву амапаўца, які яе затрымліваў падчас жаночага маршу ў Менску.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя