Літва ўручыла Беларусі ноту з-за «бесперапынных выпадкаў парушэння мяжы»



Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што 20 кастрычніка выклікала прадстаўніка амбасады Беларусі. Супрацоўніку дыпмісіі ўручылі ноту, у якой выказаны пратэст з-за «бесперапынных парушэнняў дзяржаўнай мяжы». Прычым, у якасці парушальнікаў выступаюць і самі беларускія памежнікі, адзначаецца ў дакуменце, які цытуе сайт delfi.lt. У прыватнасці, згадваецца нядаўняе надзвычайнае здарэнне на заставе Варэнскага атраду Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

18 кастрычніка літоўскія памежнікі зафіксавалі, як трое людзей у форме падышлі да лініі мяжы з беларускага боку і адзін на некалькі метраў зайшоў у глыбіню літоўскай тэрыторыі. Пачатае дасудовае расследаванне.

«МЗС Літвы патрабуе, каб Беларусь як мага хутчэй падала тлумачэнні з нагоды інцыдэнту і прыняла неабходныя меры непаўтарэнне падобнага ў будучыні», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

Беларускае Радыё Рацыя