Група мігрантаў зламала агароджу і прарвалася на тэрыторыю Польшчы



Польскія памежнікі затрымалі 17 мігрантаў пасля прарыву агароджы з калючага дроту.

Група мігрантаў у светлы час сутак з дапамогай бервяна зламала частку агароджы і на вачах польскіх вайскоўцаў уварвалася на тэрыторыю Польшчы. Здарэнне адбылося ў вёсцы Горны Уснар, што на памежжы Беларусі і Польшчы. Мігранты, нягледзячы на прысутнасць польскіх вайскоўцаў, пачалі дрэвам нішчыць агароджу з калючага дроту, а затым перабраліся на польскі бок.

Польскія службы атачылі нелегальных мігрантаў і прымусілі іх легчы на зямлю. Супраць некаторых прымянілі слезацечны газ, запатрабаваўшы па-ангельску: «Вяртайцеся назад!» Беластоцкі аддзел польскай Памежнай варты пацвердзіў факт прарыву, назваўшы здарэнне «сілавым фарсаваннем мяжы». Беластоцкая рэдакцыя «Gazety Wyborczej» паведаміла, што ёй вядомыя 17 прозвішчаў мігрантаў, якія ўдзельнічалі ў прарыве.

Са спасылкай на Fundacja Ocalenie, газета піша пра мігрантаў, пабітых і вывезеных на аўтамабілях з памежнай паласы.

Fot. Grzegorz Dąbrowski/Agencja Gazeta