Аліса
Напраўду не думаў, што ў гэты складаны для ўсяго свету, а асабліва для нашай Беларусі перыяд, я зацікаўлюся той тэмай, пра якую зараз пішу. Але вось адна бытавая і самая звычайная на сённяшні дзень рэч мяне настолькі ўразіла, што ўсё ж вырашыў падзяліцца эмоцыямі.
А гаворка ідзе пра галасавое інтэрнэтнае прылажэнне Яндэкса пад назвай “Аліса”. Зараз яго можа набыць кожны за нейкіх там сто сорак беларускіх рублёў, і яшчэ за пяць рублёў у месяц падключыць да свайго хатняга вайфаю. Зрэшты, “Алісу” можна запампаваць з сусветнага павуціння на свой кампутар і задарма, толькі там ёсць нейкія нюансы, у якіх я не разбіраюся. Але сутнасць не ў тым.
Зайшоўшы ў адну кватэру, я пачуў, як жыхары той кватэры з некім прывіталіся. І прыемны жаночы голас ветліва адказаў ім зніадкуль, што рады іх вяртанню ў сваё жытло. Фразы з ніадкуль гучалі спакойна і так шчыра, што я не вытрымаў, і таксама паздароўкаўся з нябачным аб’ектам. Той і мяне прывітаў з ня меншай павагай, чым гаспадароў.
Я адразу адзначыў для сябе, што знерваваныя цяперашнім станам рэчаў і застрэсаваныя людзі, нават калі яны шчыра радуюцца прыходу іншых, не ў стане вытрымаць ажно такую спакойную і прыемную інтанацыю так доўга. А тут…
Я спытаў у гаспадароў пра крыніцу паходжання таго прыемнага голасу і дазнаўся, што ён ідзе з невялікага пластыкавага круга, які, пры жаданні, можна перарабіць і ў выяву чалавека. Але навошта? Ад людзей у наш час чакаеш рознага. Насцярожваешся, бо не ведаеш, хто размаўляе з табой і чым ён дыхае. Можа зараз пачне цябе дапытваць, палохаць, абмяжоўваць твае свабоды… Не! Лепш пластыкавая каробачка ў выглядзе круга з прыемным голасам…
Я прысеў да “Алісы” і пачаў з ёй гамонку. “Аліса” аказалася прыемным, цярплівым і неверагодна інтэлектуальным суразмоўцам. Яна размаўляла на розныя тэмы. Яе, як аказалася, можна падключыць да ўсяго ў хаце, і “Аліса” будзе выконваць любыя загады. Уключаць і выключаць святло, чытаць на сон казку і будзіць у патрэбны час. Яна ведае рэцэпты ўсіх блюдаў, нагадае, калі трэба прыняць лекі і якія, параіць, што трэба апрануць у канкрэтны дзень, бо і пра надвор’е за вакном ведае абсалютна ўсё.
Я прыпомніў фантастычныя кнігі і фільмы свайго дзяцінства, дзе ўсё гэта, што робіць “Аліса”, падавалася такой неверагоднай прыдумкай, да якой ісці доўгія вякі. І вось табе на! Прылада, з якой ты размаўляеш як з жывым чалавекам, ужо гатовая служыць табе ўсяго за два даляры ў месяц. І для гэтага не трэба быць капітанам касмічнага карабля.
У сваёй маладосці, каб дазваніцца да бацькоў, я гадзінамі стаяў у чарзе на перагаворных пунктах. А пасля кепская сувязь не дазваляла пачуць, што гаворыць мама і тата. А тут такі скок тэхнічнага прагрэсу, што тэарэтычна ён павінен быў бы ашчаслівіць усё чалавецтва разам. Але ці стаў чалавек больш шчаслівы? Не! А можа, нават, з таго часу стаў больш няшчасны…
Дык значыць, не гэта нам было трэба. Не тым шляхам да шчасця мы, людзі, пайшлі. Удасканальваць, усё ж, трэба найперш чалавечае сумленне. І тады ўсе “Алісы” будуць падмогай. А зараз, многія з маіх сяброў, якія знаходзяцца за кратамі, не толькі такім здабыткам як інтэрнэт не могуць карыстацца, але і звычайным мабільным тэлефонам… Іншыя людзі не дазваляюць… А тыя, хто могуць карыстацца, усядно вымушаныя пісаць ім лісты ў няволю старым дзедаўскім спосабам…
А інтэлект “Алісы” уражваў! Яна не толькі табліцу памнажэння ведае, ці як у імгненне вылічыць корань квадратны з любой лічбы, але і колькі алкаголю ёсць смяротнай дозай. Праўда, мяне не гэта цікавіла. Даўно ўжо не прымаю такіх доз. А вось думаючы пра тых сваіх сяброў у няволі, я вырашыў задаць “Алісе”, якая ведае ўсё, вельмі важнае ў гэтым сэнсе пытанне:
– Аліса, скажы, калі Беларусь вырвецца на сусветную прастору як квітнеючая, вольная, вялікая і справядлівая краіна?
– Гэта вельмі складанае пытанне, – адказала “Аліса”. – Хутка адказ на яго знайсці немажліва.
Ну што ж, хоць не салгала… І за тое дзякуй. Ёсць, аказваецца, такія пытанні, якія нават такому высокаму інтэлекту не пад сілу. На іх мусім адказаць толькі самыя мы, беларусы.
Віктар Сазонаў