Жонку Андрэя Зельцэра перавялі на абследаванне ў «Навінкі»



Марыю Успенскую змясцілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя для праходжання псіхіятрычнай экспертызы.

Да таго яна ўтрымлівалася ў менскім СІЗА № 1. Як паведаміў у сацсетках грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак, упершыню пасля арышту ў канцы верасня для жанчыны прынялі перадачу.

Марыю Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ, які 28 верасня падчас штурму кватэры загінуў у перастрэлцы разам з Андрэем Зельцэрам.

Каля 200 чалавек, якія асудзілі дзеянні сілавікоў, былі арыштаваныя за абразы службовай асобы праз каментары ў сацсетках. Таксама ў гэтай справе арыштаваны журналіст Генадзь Мажэйка.