„Медыкі на мяжы” заклікаюць улады Польшчы даць дазвол на ўезд у зону НС



«Медыкі на мяжы» чарговы раз заклікаюць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, а таксама памежныя службы даць дазвол на ўезд у зону надзвычайнага становішча на беларуска-польскай мяжы.

Кажа каардынатар групы „Медыкі на мяжы” Якуб Сечко:

– На польска-беларускай мяжы адбываецца гуманітарная драма, якую мы бачым на ўласныя вочы. Там сапраўды ў лесе ёсць групы дзяцей, там сапраўды ў лесе ёсць цяжарныя жанчыны, там сапраўды ёсць людзі, якія паміраюць ад холаду і голаду. Наша група гатовая дапамагаць гэтым людзям, незалежна ад таго, знаходзяцца яны ў зоне надзвычайнага становішча ці не.

Медыкі ў добраахвотным парадку дапамагаюць мігрантам перад зонай надзвычайнага становішча:

– Прашу таксама памятаць, што асабліва ўсходні рэгіён Польшчы ахоплены чацвёртай хваляй пандэміі каронавіруса. Мапы, якія паказваюць колькасць заражэнняў, найбольш чырвоныя менавіта ва ўсходнім рэгіёне Польшчы. І чырвоны колер – гэта таксама колер, якім пазначаецца зона надзвычайнага становішча. І гэтыя мапы сімвалічна паказваюць, што мы маем там два крызісы, якія накладаюцца адзін на адзін. Наша каманда гатовая падтрымаць дзяржаўныя медыцынскія службы ў гэтым крызісе. Патрабуем толькі аднаго подпісу – гэта подпіс міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага.

На сённяшняй прэс-канферэнцыі „Медыкі на мяжы” паведамілі, што будуць дапамагаць мігрантам на беларуска-польскай мяжы да 15 лістапада.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

fot. facebook