Агляд прэсы: пошук рычага



Ключ да вырашэння праблемы Беларусі, верагодна, знаходзіцца ў Маскве. Швецыя і Ізраіль: курс на збліжэнне. Гішпанія падсумоўвае дзесяць гадоў без ЭТА. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У барацьбе з нелегальным уездам мігрантаў праз Беларусь і Польшчу міністр унутраных спраў Германіі Хорст Зэехофэр выступае супраць закрыцця межаў», – паведамляе нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Як адзначае выданне, у ЕЗ дзейнічае так званы Дублінскі рэгламент, згодна з якім за працэдуру прадастаўлення прытулку аказвае краіна ЕЗ, у якой мігрант быў упершыню зарэгістраваны ўладамі. Калі ён усё ж трапляе ў іншую краіну, то, згодна з дублінскія рэгламентам, ён павінен быць перададзены краіне, якая адказвае за яго.

«Ужо раней Зэехофэр скардзіўся, што гэтая працэдура не працуе на практыцы. Паміж ім і канцлерам Ангелай Меркель нават разгарэлася спрэчка з нагоды развароту мігрантаў на мяжы. Зэехофер хацеў, каб людзям, якія ўжо падалі прашэнне аб прадастаўленні прытулку ў іншай краіне ЕЗ, не дазваляўся ўезд у Нямеччыну. Сёння ўрад Германіі не плануе зачыняць мяжу з Польшчай. Такая мера была б сумнеўнай з прававога пункту гледжання. Паводле міністра унутраных спраў Хорста Зэехофэра, ключ да рашэння праблемы знаходзіцца ў Расеі. Ён не можа сабе ўявіць, што ўрад у Менску дзейнічаў бы без «ведама або адабрэння з боку Масквы». Па дадзеных Федэральнага міністэрства ўнутраных спраў, у гэтым годзе на германска-польскай мяжы было затрымана каля 5,7 тыс. бежанцаў, якія прыбылі праз Беларусь», – піша нямецкае выданне.

***

На гэтым тыдні міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ наведала з візітам Ізраіль. Гэта першы афіцыйны візіт у гэтую краіну кіраўніка шведскага міністэрства замежных спраў за больш чым дзесяць гадоў. У 2014 годзе Швецыя адной з першых еўрапейскіх краін прызнала дзяржаву Палестыну, пасля чаго Ізраіль адклікаў са Стакгольму свайго амбасадара. Прэса вітае пацяпленне ў адносінах дзвюх краін.

Шведская газета Sydsvenskan вітае гэты крок ўраду.

«Вядома ж, Ізраіль хутчэй прыслухаецца да краіны, якая ставіцца да яго прыязна і з павагай, чым да краіны, якую ў Ізраілі лічаць за варожую. Па-за ўсякім сумневам, Швецыя павінна выказваць крытыку ў адрас Ізраіля, калі на тое ёсць падставы. Аднак рабіць гэта варта ў канструктыўным ключы, і не ў форме палітычных выказванняў, напоўненых сімволікі. І Ліндэ, мяркуючы па ўсім, спрабуе намацаць ў гэтых адносінах належны баланс. Стасункі паміж ізраільцянамі і палестынцамі могуць быць вельмі складанымі і заблытанымі, але, як сябра абодвух бакоў, Швецыя абавязаная спрыяць таму, каб іх палепшыць, прычым у доўгатэрміновай перспектыве. Міжнародным намаганням Швецыі таксама пойдзе на карысць той факт, што краіна зноў знаходзіцца ў дыялогу з адзінай дэмакратыяй на Блізкім Усходзе», – падкрэслівае шведскае выданне.

***

Праз дзесяць гадоў пасля таго, як сёння распушчаныя тэрарыстычная арганізацыя ЭТА спыніла ўзброеную барацьбу за незалежнасць Краіны Баскаў і ўсталяванне там сацыялістычнага ладу, прадстаўнікі левых басконскіх партый выказалі свае спачуванні пацярпелым і сваякам ахвяраў. За пяцьдзесят гадоў ад рук тэрарыстаў ЭТА загінулі больш за 850 чалавек, у тым ліку ваенных, палітыкаў і паліцэйскіх, а таксама журналістаў і грамадзянскіх асоб. Прэса падводзіць вынікі.

На думку гішпанскай газеты El País, галоўная заслуга ў справе ўстанаўлення міру належыць ураду сацыялістаў на чале з Хасэ Луісам Сапатэра, які знаходзіўся ва ўладзе з 2004 па 2011 год, а таксама перамоўшчыкам з боку баскаў.

«Канец ЭТА ўсё роўна быў наканаваны, але без дальнабачнасці і рашучасці Сапатэра всё падоўжылася б куды даўжэй, і было б больш пакутлівым. У XXI стагоддзі ў Эўскадзі (Краіне Баскаў) ЭТА была сапраўдным анахранізмам, жывой спадчынай крывавага мінулага пасярод грамадства дабрабыту. З усіх узброеных груповак, якія ўзніклі ў Еўропе ў 60-70-я гады XX стагоддзя, да нашых дзён дайшла толькі ЭТА. І хоць у палітыкаў і ўладаў, як правіла, кепская рэпутацыя, канец эпохі ЭТА стаў магчымым менавіта дзякуючы адказным за імпульсы на палітычным узроўні. Прыемна, што грамадства аддае даніну гэтаму факту».

***

У многіх краінах Усходняй Еўропы назіраецца рэзкі рост колькасці кавід-заражэнняў, і звязаных з гэтым смяротных зыходаў. Толькі за адзін дзень 19 кастрычніка ў Румыніі і Балгарыі ад COVID-19 памерла больш пацыентаў, чым ва ўсіх іншых краінах Еўразвязу разам узятых. У Расеі смяротнасць ад каронавірусу складае звыш тысячы чалавек у суткі. Аглядальнікі разважаюць пра тое, чаму гэтым краінам не ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль, хаця б здавалася, вакцын ў іх было дастаткова.

У Балгарыі адзначаецца рэзкі рост колькасці заражэнняў. Балгарскае выданне Dnevnik б’е ў набат.

«Мы затрымаліся ў свайго роду Бярмудскім трохкутніку. З аднаго боку, мы маем справу з дэльта-варыянтам вірусу, які распаўсюджваецца куды хутчэй, і пры якім верагоднасць шпіталізацыі ў два разы вышэй. З іншага боку, адсотак прышчэпленых у краіне вельмі нізкі. Плюс да гэтага: недахоп персаналу ў лякарнях і клініках, якую не пакрыць аніякімі мерамі. Мала дапамагае справе і тое, што ўжо на працягу паўгады ў краіне ідзе выбарчая кампанія», – адзначае балгарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.