Прычына смерці Вітольда Ашурка застаецца невысветленай



У СК адсутнасць інфармацыі аб прычынах скону палітвязня патлумачылі правядзеннем дадатковай судмэдэкспэртызы. Адказ з ведамства на патрабаванне аб прадастаўленні інфармацыі атрымаў ягоны брат Андрэй Ашурак. Цытата з адказу: «У цяперашні час па матэрыяле праверкі не завершана правядзенне прызначанай 24 жніўня дадатковай камісійнай комплекснай судовай мэдычнай экспэртызы для вызначэння прычыны смерці Ашурка В.М.». Брат загінулага сказаў БелаПАН: «Прайшло пяць месяцаў, а за пяць месяцаў не знайсці прычыну, па якой памёр чалавек… Я, вядома, не спэцыяліст, але гэта выклікае некаторыя падазрэнні і неразуменне». На ягоную думку, СК хоча «зацягнуць справу, а потым спусціць яе на тармазах». Нагадаю, Вітольд Ашурак быў палітычным і грамадзкім актывістам у Бярозаўцы Лідзкага раёну. Стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі мінулага году. На Вітольда завялі дзве крымінальныя справы, прысудзілі 5 гадоў калоніі. 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр. Цела аддалі сваякам праз 5 дзён. У дакумэнтах прычына скону не названая. Крымінальную справу па факце смерці не завялі.