Пра абыякавасць да зла планетарнага маштабу



Выданне New York Post паведамляе пра чарговую ахвяру талібаў, якія пасля раптоўнага вываду войскаў ЗША з Афганістану адчулі сябе паўнавартаснымі гаспадарамі ў краіне. У навіне гаворыцца пра жудаснае забойства маладой кабеты – чальца жаночай валейбольнай зборнай Афганістана. Згодна інфармацыі выдання, талібы абезгаловілі спартоўку, выклаўшы кадры экзекуцыі ў сацыяльных сетках. Пацярпелую жанчыну завуць Махаджабід Хакімі, яна была забітая ў межах аперацыі войскаў “Талібана” па выяўленні жанчын-спартовак.

Час ад часу з краіны, дзе ўсталявалася тыранія талібаў, прыходзяць жахлівыя навіны пра забойствы былых вайскоўцаў, выканаўцаў традыцыйнай музыкі, жанчын, якія, паводле светаўспрымання рэлігійных фанатыкаў, не адпавядаюць іх шаблонам. Перыядычна пра гэтыя выпадкі пішуць вядучыя СМІ. Але з кожным днём людзям, якім баліць тэма Афганістана, усё складаней прабіць панцыр абыякавасці спажыўцоў інфармацыйнай прадукцыі. А глабальны палітыкум увогуле гатовы заплюшчыць вочы на тое, што ў адной цэнтральнаазіяцкай краіне ўсталявалася сярэднявечная дэспатыя, якая, відавочна, яшчэ не цалкам раскрыла свой патэнцыял. Замест хуткага рэагавання, Заходні свет паціскае плячыма і дае “другі шанец” новым лідарам талібана, якія на параўнальна добрай ангельскай мове ахвотна даюць каментары ў прамых уключэннях асноўных тэлеканалаў. Зрэшты, змрочныя барадачы не хлусяць, калі кажуць, што ў іх краіне будуць забяспечвацца правы і свабоды. З адным важным удакладненнем, калі гэтыя правы і свабоды не супярэчаць законам Шарыяту. Дакладней, вольным інтэрпрэтацыям законаў Шарыяту, якія ў вачах радыкальных сектантаў, з’яўляюцца дазволам на любое дзікунства кшталту забіцця камянямі кабет альбо адсячэння рук злодзеям.

Зрэшты, нашая частка планеты не адстае ад Захада, які фактычна ўмыў рукі ў справе Афганістана. Расейскі нацлідар Уладзімір Пуцін, выказваючыся на тэму ўзаемаадносінаў з “Талібанам”, заявіў, што Расея набліжаецца да выключэння “Талібана” са спісу тэрарыстычных арганізацый. Такі падыход Масквы дэманструе, што Крэмль насамрэч не мае ніякіх варыянтаў рашэння афганскай праблемы, акрамя як зацягваць час у спадзяванні, што талібы акажуцца не такімі ўжо “кепскімі хлопцамі”. Ну, прынамсі, абмяжуюцца забойствамі “лішніх” людзей на тэрыторыі сваёй краіны і адмовяцца ад экспансіі на постсавецкую прастору. Пазіцыя афіцыйнай Беларусі тут таксама не надта арыгінальная, цалкам ідзе ў расейскім фарватары. Дэманстрацыяй гэтай тэзы з’яўляецца выказванне пасла Беларусі ў Таджыкістане Алега Іванова, які заклікаў не дэманізаваць рух талібаў, як тое нібыта робіць заходняя прапаганда. Такім чынам, мы маем кансалідаваную пазіцыю свету па афганскім пытанні, якая заключаецца ў злачыннай бяздзейнасці, якая яўна не прывядзе да мінімізацыі планетарных пагроз і пашырэння ідэй міру.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ