Дзяніс Івашын у карцары: лістоў няма і здароўе пагаршаецца



Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка 2021 года і яго ўжо 4-ы дзень трымаюць у карцары Турмы №1 ў цэнтры роднага гораду.

Што адбываецца са здароўем Дзяніса, распавядае яго жонка Вольга:

– На дадзены момант усё яшчэ знаходзіцца ў карцары. Чацвёртыя содні, адчувае сябе больш-менш добра. Там трохі халаднавата, але цярпіма. І адчувае перабоі сардэчнага рытму, доктара не выклікаў, пакуль няма патрэбы, але гэта ўсё напружвае.

Па словах Вольгі Івашынай, Дзяніс таксама мае праблемы з ліставаннем – лісты ад яго не прыходзяць, і вельмі слаба даходзяць да яго:

-Ведаем, што ён ці то ў жніўні, ці то ў верасні атрымаў некалькі лістоў, паштоўку і ліст, здаецца, ад несваякоў. А вось з першага кастрычніка ён не атрымліваў увогуле ніякай карэспандэнцыі. Я так разумею, што гэта звязана з тым, што ён пастаянна сядзіць у карцары. Тым не менш, яму казалі, што ляжаць нейкія тры лісты, каторых яму, на жаль, не аддалі. Прычынаў мы не ведаем.

Вольга Івашына просіць усіх калег і знаёмых журналіста выкладваць у сацыяльныя сеткі ліставанне з яе мужам, ці дасылаць ёй здымкі з лістамі ад Дзяніса, каб ведаць ці адбываецца ўвогуле нейкае ліставанне з Дзянісам Івашыным.

Беларускае Радыё Рацыя