Дзмітрый Балкунец: Санкцыі не вырашаюць пытанне сыходу Лукашэнкі



Беларусь пераменіцца толькі тады, калі народ гэтага захоча, калі народ адчуе сябе гаспадаром, а не рабом. Шмат розных варыянтаў можа быць для вызвалення Беларусі.

Але самы дзейсны – гэта забастоўка. Іншае не спрацуе, лічыць Дзмітрый Балкунец:

– Я думаю, што гэта здарыцца як толькі беларускі народ усвядоміць да канца сваю місію і магчымасць сваімі рукамі давесці пачатае да канца. І адзін з такіх інструментаў – гэта забастоўка, страйк і нейкія іншыя дзеянні, якія могуць прывесці да зменаў. Калі раскласці варыянты сыходу Лукашэнкі ад улады, то іх некалькі. Натуральная фізіялагічная прычына – яго смерць па нейкіх натуральных і іншых прычынах – першы варыянт, які ад нас не залежыць увогуле. Другі варыянт – гэта дзяржаўны пераварот, калі ваенныя ці нейкія іншыя сілы яго адхіляюць ад улады. Відаць было, што Лукашэнка сам сабе прыдумаў гэты фэйк. І ў красавіку раскрыў гэтую гісторыю. То бок, ён баіцца такога варыянту. Але на мой погляд, яго цяжка рэалізаваць у Беларусі. Трэці варыянт – гэта знешняя інтэрвенцыя з любога боку. На мой погляд, гэта нерэалізуема на сённяшні дзень. Чацвёрты варыянт – гэта нейкія ўнутраныя працэсы, уключна з забастоўкай, маршамі і т.д, якія могуць прывесці да вырашэння палітычнага крызісу. Альбо яшчэ пяты варыянт, які зацягне гэты крызіс да бясконцасці – сітуацыя будзе як ёсць і яшчэ больш пагаршацца. Лукашэнка будзе ва ўладзе нікім не прызнаны. Частка людзей будзе з’язджаць з краіны, асабліва моладзь, а краіна будзе дэградаваць.

РР: Як вы ставіцеся да санкцый?

Дзмітрый Балкунец: Да санкцый маё стаўленне неадназначнае. З аднаго боку, я іх падтрымліваю, як інструмент, які можа ўздзейнічаць на рэжым. Але тыя санкцыі, якія Еўропа ўвяла – яны бяззубыя, малаэфектыўныя. І як практыка паказвае, Лукашэнка навучыўся іх абыходзіць, у адрозненне ад амерыканскіх санкцый. Вось амерыканскія санкцыі могуць паўплываць на палітычныя працэсы ў Беларусі. Але санкцыі не вырашаюць пытанне сыходу Лукашэнкі. Санкцыі могуць садзейнічаць напружанню ўнутры грамадства. Гэта яны могуць справакаваць. Тады санкцыі будуць мець эфект. У доўгатэрміновай перспектыве санкцыі разбураюць беларускую дзяржаўнасць. Тут я цалкам згодны з Зянонам Пазьняком.

РР: Як Вы думаеце, ці прызнае Еўропа рэжым у Беларусі тэрарыстычным?

Дзмітрый Балкунец: Пакуль не. Пакуль няма, я думаю, такога палітычнага жадання гэта зрабіць. Больш за тое, Еўропа і некаторыя асобныя краіны імкнуцца з Лукашэнкам таргавацца і дыялог не заканчваўся. Макей і ягоная каманда вядуць рознага кшталту спробы дамаўляцца з еўрапейскімі краінамі. У гэтым плане Еўропа ж таксама дбае пра свае інтарэсфы.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя