МУС створыць спіс «экстрэмістаў»



Начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі заявіў, што МУС рыхтуе спіс фізічных асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

«Неўзабаве сфармуем яшчэ адзін спіс, фізічных асобаў (грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства), якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Ён таксама з’явіцца на сайце МУС, але на апрацоўку вялікага абʼёму інфармацыі неабходны час», – заявіў Арлоўскі ў інтэрвʼю газеце «На страже».

Адзначаецца, што ў спіс уключаць дадзеныя тых, хто ўжо асуджаны за «экстрэмісцкія злачынствы», і ён будзе рэгулярна абнаўляцца. Пры гэтым застаецца незразумелым, пра якія «экстрэмісцкія злачынствы» ідзе гаворка.

Нагадаем, словы «экстрэмізм» і «дэструктыўная дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства. Дэ-факта сілавікі лічаць экстрэмісцкімі ўсе палітычна матываваныя справы (іх цяпер больш за 5 тысяч), а палітвязняў у турмах і калоніях ставяць на прафілактычны ўлік як асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

Паводле Арлоўскага, звесткі з «экстрэмісцкай базы» будуць захоўвацца цягам пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці. 

Польскае радыё