Пісьменнік Юры Станкевіч будзе пахаваны ў Менску



Пісьменнік Юры Станкевіч будзе пахаваны ў Менску.

Папярэдняй інфармацыяй падзяліўся ў ФБ Саюз беларускіх пісьменнікаў. Цягам восені пасля крэмацыі ўрна з прахам пісьменніка будзе пахаваная ў калумбарыі на Кальварыйскіх могілках.

Як паведамлялася, Юрыя Станкевіча не стала 22 кастрычніка. Празаіку было 76 гадоў. Прычына смерці — каронавірус. Станкевіч увайшоў у літаратуру ў 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповясцяў і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў. Доўгія гады быў звязаны з выдавецтвам „Галіяфы”, быў двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес».

Словы памяці ад заснавальніка прэміі Алеся Аркуша:

–  Юрыю Станкевічу вельмі часта перападала за радыкалізм, які ён выказваў у сваіх творах. Яго называлі нават правым пісьменнікам, радыкальным правым пісьменнікам, нават такі цэтлік у яго быў. І вось гэты фланг у беларускай літаратуры якраз і будзе вольны. Я не ведаю, які пісьменнік можа замяніць яго. Можа, Спавамір Адамовіч, але гэта паэт, а вось такога празаіка, які б змог бы зараз замяніць Юрыя Станкевіча, я такога не бачу. Таму гэта сапраўды вельмі істотная страта для беларускай літаратуры і ўвогуле для філасофскага і інтэлектуальнага дыскурсу. Бо Юры Станкевіч умеў задаваць пэўныя пытанні, няпростыя пытанні. І грамадства мусіла шукаць адказы на гэтыя пытанні. Вось такая роля была ў яго.

Беларускае Радыё Рацыя