Чорны перыяд для вольнае прэсы
Беларуская служба «Радыё Свабода» больш не мае бюро ў Менску. Супрацоўнікі знаходзяцца ў розных краінах – Латвіі, Летуве, Украіне, Польшчы, Чэхіі, частка застаецца ў Беларусі. Сітуацыю каментуе дырэктар Беларускае служба РС Аляксандр Лукашук:
– Гэта самы цяжкі перыяд за ўвесь час існавання «Свабоды» з траўня 1954 году. Ніколі такога года, як апошні, не было ў гісторыі «Свабоды». Бюро ў нас няма. Бюро захоплена ўладамі, яно было апячатана. Праз тры месяцы нам сказалі: можаце зайсці. Мы ўжо туды не пайшлі. Гэта месца, па якім пагулялі спецслужбы. Журналістам туды хадзіць ужо няма чаго. Наша прысутнасць разам з абсталяваннем, са студыямі скончылася.
Пад ціск уладаў за час паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі трапілі і шматлікія рэгіянальныя выданні.
Распавядае галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:
– Той самы берасцейскі «Бінокль», які я вельмі люблю і паважаю, яны фактычна спынілі дзейнасць са студзеня. Нават сайт ужо не адкрываецца даўно. Intex-press, «Рэгіянальная газета», «Брэсцкая газета», «Сильные новости», я нават усе не згадаю. У кожным рэгіёне, відаць, гэта па-свойму праходзіць, але «душаць» усіх. Таму што ўсе летась, і мы таксама, пісалі проста факты, то бок выконвалі звычайную журналісцкую працу.
Дададзім, што галоўнаму рэдактару „Віртуальнага Берасця” Андрэю Кухарчыку суд прызначыў паўтара года «хатняй хіміі» за каментар пад фота дэпутата Ігара Марзалюка. З мінулае суботы сайт ізноў трапіў пад блакіроўку. Упершыню гэта адбылося ў жніўні 2020 году.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя