У Беластоку – чарговая акцыя ў падтрымку Пачобута і Борыс
Салідарнасць з палітычнымі вязнямі. У цэнтры Беластоку, каля помніка ксяндза Ежы Папялушкі, прайшла чарговая акцыя ў падтрымку лідараў Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.
Ад сакавіка яны знаходзяцца за кратамі паводле абвінавачвання ў нібыта “рэабілітацыі нацызму”. Удзельнікі акцыі, а гэта больш за паўсотні чалавек, не пагаджаюцца з гэтым.
“Рэжым Лукашэнкі паказвае свой новы твар”, – кажа дэпутат польскага Сейму з Падляшша Робэрт Тышкевіч. Палітык узяў удзел у акцыі салідарнасці са зняволенымі лідарамі Саюза палякаў у Беларусі. На думку дэпутата, важнасць такіх акцый у тым, каб дэманстраваць нашу нязгоду з рэпрэсіямі:
– Не можам дапусціць, каб перасталі гаварыць пра тое, што рэжым Аляксанда Лукашэнкі пасадзіў за краты без прысуду дзеячаў саюзу толькі за тое, што яны прадстаўляюць польскую нацыянальнасць, што з’яўляюцца дзеячамі нацыянальнай меншасці. Трэба нагадваць пра іх так, як нагадваем пра ўсіх палітычных вязняў у Беларусі – гэта больш за 800 чалавек, якія сядзяць у турмах толькі за тое, што прагнуць вольнасці, дэмакратыі і асноўных праў чалавека.
З моманту затрымання Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута мінае сем месяцаў. Іх абвінавачваюць у нібыта “рэабілітацыі нацызму” і “распальванні варожасці”. У абодвух ёсць праблемы са здароўем.
Кажа старшыня арганізацыі Wspólnota Polska Анна Кетліньска:
– Тут, у Беластоку, знаходзіцца зараз шмат беларусаў і палякаў з Беларусі. І такія сустрэчы адбываюцца раз у месяц. Яны кансалідуюць і паказваюць, што адным голасам прамаўляецца ў адной справе.
– Гэта адзіны спосаб зараз неяк падтрымаць палітвязняў. Таму што на радзіме ў нас людзі не могуць выйсці.
– Зразумела, што ідзе генацыд беларускага народа. А калі гэта закранае і іншыя нацыянальныя меншасці, як польскую, то гэта вельмі выразны знак – і для польскай грамадскасці, і для польскай дзяржавы.
– Дзякуй Польшчы за тое, што нас прымае. І Жыве Беларусь!
Марына Цішкоўская, дзяячка Саюза палякаў у Беларусі: – Я лічу, вельмі важна, што пратэстуем, бо нашыя калегі і сотні палітычныя вязняў знаходзяцца ў турмах, марнуюць сваё здароўе, жыцці, і ні за што.
Акцыі салідарнасці са зняволенымі дзеячамі Саюза палякаў у Беларусі будуць працягвацца надалей кожны месяц.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя