У Маскве прызналі, што не могуць перашкодзіць уступленню Украіны ў NATO
Расея не зможа перашкодзіць Украіне ўступіць у NATO, але Масква лічыць, што зможа «мінімізаваць наступствы» ўступлення Украіны ў Альянс, заявіў спікер прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў у тэлепраграме «Москва. Кремль. Путин» на тэлеканале «Россия-1».
«Мы не можам гэтаму перашкодзіць. І гэта немагчыма. Але мы можам мінімізаваць наступствы такіх крокаў для нашай краіны. Я не сумняваюся, што калі збліжэнне Украіны і NATO працягнецца далей — у Расеі будзе зроблена ўсё, што неабходна», — зазначыў Пяскоў.
Акрамя таго, прадстаўнік Уладзіміра Пуціна расказаў пра адносіны Расеі з самім Альянсам. Паводле Пяскова, у разрыве адносін «няма нічога страшнага», бо NATO першапачаткова нібыта было накіравана супраць Расеі: „Агрэсіўная пазіцыя NATO ніколі не была сакрэтам. Гэта блок, які быў створаны супраць нашай краіны. І ніякія мірныя заявы, ніякія камуфляжы гэтай агрэсіўнай арыентацыі NATO ня могуць схаваць сапраўднае прызначэнне гэтага блоку”.
Фота: скрыншот з відэа