Літва паведаміла пра новую хвалю мігрантаў з Беларусі
Літва фіксуе новую хвалю мігрантаў на мяжы з Беларуссю. За 23 кастрычніка літоўскія памежнікі не ўпусцілі 183 замежнікаў з Беларусі, піша партал Delfi са спасылкай на Дзяржаўную службу аховы мяжы. Гэта адзін з самых высокіх сёлета паказчыкаў, пачынаючы з 2 жніўня, калі памежнікам дазволілі на законных падставах не ўпускаць мігрантаў з Беларусі.
Плынь мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Літву з Беларусі, расце: за кастрычнік літоўскія памежнікі не пусцілі ў краіну 1558 чалавек, у той час як за ўвесь верасень іх было 981.
Кантроль мяжы на літоўскім баку ажыццяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме. З пачатку году ўжо больш за 4 тысячы 200 мігрантаў нелегальна перайшлі мяжу з Беларусі ў Літву, большасць з іх — грамадзяне Іраку. У верасні з мэтай спыніць незаконную міграцыю на мяжы пачалі ўжываць палітыку развароту мігрантаў.
Польскія памежнікі за мінулыя суткі зафіксавалі 373 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з Беларуссю. Таксама за дапамогу ў пераходзе мяжы затрымалі трох замежнікаў — двух грамадзян Іраку і грамадзяніна Сірыі, паведамляюць польскія памежнікі ў Twitter. На беларуска-латвійскім участку за мінулую пятніцу былі зафіксаваныя 22 спробы нелегальнага пераходу мяжы, паведамляюць латвійскія памежнікі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: delfi.lt