У выніку дзеянняў мігрантаў пацярпелі два памежнікі
Мігрантыі зноў спрабавалі перасекчы польскую мяжу з боку Беларусі.
У выхадныя былі зафіксаваныя адразу дзве спробы сілавога перасячэння мяжы, гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы Польшчы.
Як паведамляюць польскія памежнікі, мігранты аб’яднаўшыся ў групу 60-70 чалавек, кідалі ў жаўнераў камяні і галіны дрэў. У выніку мігрантам не ўдалося трапіць на тэрыторыю Польшчы, аднак пацярпелі два памежнікі. Іх прыйшлося шпіталізаваць.
Гэта не адзіныя спробы за выхадныя. Агулам памежнікам удалося затрымаць больш за паўтысячы бежанцаў, каля 20 грамадзянаў з Сірыі, Ірака і Палестыны затрыманыя.
Сітуацыя на мяжы з Беларуссю абвастрылася пасля таго, як Менск заявіў пра намер перастаць стрымліваць паток мігрантаў у краіны ЕЗ. Латвія, Літва і Польшча сталі ўсё часцей паведамляць пра рост колькасці затрыманых мігрантаў за незаконнае перасячэнне мяжы.
Паводле дадзеных польскіх уладаў, з пачатку года перасекчы польска-беларускую мяжу спрабавалі больш за 23 тысячы мігрантаў. У апошнія месяцы на кантрольных пунктах дзяжурыць таксама і войска.
Беларускае Радыё Рацыя