Дзмітрый Лаеўскі: Адвакаты Віктара Бабарыкі незамяняльныя



Пасля спробы абскарджвання справы Віктара Бабарыкі ў дачыненні да ягоных адвакатаў – Наталлі Мацкевіч і Яўгена Пыльчанкі – міністэрства юстыцыі распачало дысцыплінарныя справаводствы.

Ацэнку сітуацыі даў экс-абаронца Віктара Бабарыкі – Дзмітрый Лаеўскі:

– Існуюць давяральныя адносіны паміж самім Віктарам Дзмітрыевічам Бабарыкам і тымі адвакатамі, якіх ён выбраў. Яны фарміраваліся на працягу ўжо амаль паўтара года. Крымінальная справа ўтрымлівае больш за 120 тамоў. Працэс ішоў некалькі месяцаў. І гэтыя два адвакаты папросту не могуць быць ні кім замененыя.

За абскарджванне пераследу адвакатаў Віктара Бабарыкі выказаўся сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў:

– Паспрабаваць змагацца за такія базавыя фундаментальныя правы таксама трэба. Не спускаць гэта проста так. Гэта нашая агульная прававая сістэма. У гэтай прававой сістэме ніколі не ведаеш, каму наступнаму спатрэбіцца абарона адваката. І Віктар Дзмітрыевіч, які, відаць, самы публічны сёння вязень і самы публічны чалавек, з кім гэта адбываецца. Гэта першая ластаўка. Тое, што адбываецца з ім, з дакладнай верагоднасцю можа адбывацца з кімсьці іншым.

Паводле спікераў, акрамя патраплення пад дысцыплінарнае справаводства, адвакаты Віктара Бабарыкі не маюць мажлівасці наўпрост трапіць да зняволенага Як вынік, іншыя беларускія адвакаты могуць увогуле адмовіцца ад абароны Бабарыкі пад страхам палітычнага пераследу.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя