Суд прызнаў звальненне дэпутата мясцовага савета законным
Адзіны незалежны ў Беларусі дэпутат мясцовага савета, сябра партыі БХД, работнік Івацэвіцкага лясгаса, ляснік Валера Білібуха незаконна звольнены 2 верасня 2021 года з працы.
Білібуха звярнуўся з пытаннем узнаўлення на працы ў Івацэвіцкі суд. На падробленыя для прыдання законнасці звальнення дакументы не звярнулі ўвагі ні прысутны на працэсе пракурорскі работнік, ні сам суддзя. Таму заява Білібухі была незадаволена, а звальненне прызнана законным.
Кажа Валера Білібуха:
– Прад’явілі ім усе довады, што там парушэнні ў пяці пунктах працоўнага заканадаўства, пракурор гэта праігнараваў, і што подпісы падробленыя. Гэта была заява на імя дарэктара аб просьбе заключыць кантракт, насупраць майго прозвішча стаіць не мой подпіс. У кантракце, які быццам у 2019 годзе са мной працягвалі на два гады, там таксама не мой подпіс. Гэта ўжо падробка дакументаў і можна кваліфікаваць падробку.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржука Русецкага, гэта звальненне адназначна палітычнае. Улада не даравала Валеры Білібуху яго актыўную грамадзянскую пазіцыю. Працоўны кантракт быў заключаны ў 2018 годзе на 5 гадоў да 2023 года. У студзені 2020 года ў дапаўняльнай згодзе да кантракту пацверджаны таксама 2023 год. Перад датай звальнення ў жніўні 2021 года начальнік аддзела кадраў лясгаса “заўважыла” сваю “тэхнічную памылку”, дзе быццам замест 23 года павінен быць 2021 год. І пад гэта былі падроблены патрэбныя дакументы.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя