Беларусы засталіся без узнагарод чэмпіянату свету па велатрэку



З 20 па 24 кастрычніка ў французскім Рубэ прайшоў чэмпіянат свету па велатрэку. Прадстаўнікі беларускай зборнай ўдзельнічалі там ў 13 відах праграмы (7 мужчынскіх і 6 жаночых), але ні ў адным не змаглі трапіць на п’едэстал. Лепшым выступам у беларускай камандзе адзначылася Ганна Церах, якая заняла пятае месца ў скрэтчы. Шостай ў гонцы на выбыванне стала Аксана Салаўёва.

Вызначыліся супернікі „Гомеля” па трэцім раўндзе Кантынентальнага кубка

Сталі вядомыя склады груп трэцяга раўнда Кантынентальнага кубка па хакеі. „Гомель” згуляе ў групе „F” разам з „Шэфілдам” (Вялікабрытанія), „Ольбаргам” (Данія) і „Алімпам” (Латвія). Турнір пройдзе ў дацкім Ольбаргу. У групе „E” згуляюць „Краковія” (Польшча), „Сарыарка” (Казахстан), „Попрад” (Славакія) і „Азіяга” (Італія). Турнір у гэтай групе адбудзецца ў польскім Кракаве. Па дзве каманды з кожнай групы выйдуць у фінальны этап турніру

Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка захавала за сабой другое месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На мінулым тыдні беларуская тэнісістка выйграла толькі адзін матч на турніры ў Маскве і страціла 365 рэйтынгавых ачкоў. Вікторыя Азаранка апусцілася на адну пазіцыю і займае 27-е месца. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 86-м радку, Вольга Гаварцова займае 134-е месца. Лідыруе аўстралійка Эшлі Барці.

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (105-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабіўся ў асноўную сетку турніру катэгорыі АТР-250 у расейскім Санкт-Пецярбургу. У матчы другога кваліфікацыйнага раўнда беларус абыграў малдаўскага тэнісіста Раду Албота (123) – 7:6 (7:2), 6:4. 26 кастрычніка лепшы беларускі тэнісіст Ілля Івашка (46) у матчы 1/16 фіналу сустрэнецца з Ласла Дзьеры (52) з Сербіі.

Этапы Кубка свету па біятлоне ў Эстэрсундзе пройдуць з гледачамі

Першыя два этапы Кубка свету па біятлоне ў Эстэрсундзе пройдуць з гледачамі. „Заўзятары будуць дапушчаныя на трыбуны падчас першых двух этапаў Кубка свету, квіткі ўжо паступілі ў продаж. Колькасць гледачоў яшчэ не вызначана, але білетаў ў продажы будзе не так шмат, як на звычайных спаборніцтвах, – паведамілі ў аргкамітэце. Гонкі Кубка свету ў Эстэрсундзе пройдуць з 27 лістапада па 5 снежня.

Беларускае радыё Рацыя